Цуды з прынёманскай лазы
Аляксандр і Святлана Блатуны ў клубе ўмельцаў Стаўбцоўскага цэнтра народнай творчасці з’явіліся нечакана, прыгожа заявілі аб сабе і ўпершыню сёлета прынялі ўдзел у мастацкай выставе «Калядныя ўзоры». Кіраўнік клуба Аліна Халявінская лічыць іх візіт для аб’яднання вялікай знаходкай, бо такое народнае рамяство, як пляценне з лазы, рэдкае цяпер: адышлі майстры, і адрадзіць яго вельмі цяжка. Сям’я Блатуноў прадставіла на выставу прыгожыя карзіны і іншыя рэчы – вазы, падносы, мініяцюрныя карзінкі.
Удзельніца народнага хору «Панямонь» Навасвержанскага дома культуры Святлана Блатун гаворыць, што пляце карзіны муж, а яна толькі стварае яму творчы фон, патрэбную атмасферу – падтрымкі, увагі да яго таленту.
Блатуны пераехалі на Стаўбцоўшчыну з Гомельскай вобласці пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аляксандр Аляксандравіч уладкаваўся на працу на Навасвержанскі лесазавод, дзе і цяпер працуе аператарам агрэгатных ліній і сарціроўкі бярвення. Завод выдзеліў перасяленцам кватэру. Пасёлак знаходзіцца на беразе Нёмана, берагі якога пакрыты лазою. Дзеці ў Блатуноў маюць ужо свае сем’і, і ў Аляксандра Аляксандравіча з’явіўся свабодны час успомніць пра ўсе рамёствы, да якіх ён меў непасрэднае дачыненне ў бацькоўскім доме. Яго бацька Аляксандр Каленікавіч рабіў бочкі, дзежкі, ступы, кадушкі, цабры, плёў карзіны, кашы, быў адмысловым пчаляром. Усяму гэтаму ў поўнай меры навучыўся і сын. Аляксандр Аляксандравіч успамінае, як некалі пасвілі кароў, а каб час заняць – плялі з бацькам карзіны. Жонка з любоўю гаворыць, што няма той работы, якую б не змаглі выканаць майстравітыя рукі мужа – ён і вадзіцель, і трактарыст, можа дах перакрыць, і тынкоўшчык, і нават шкладувам быў. І на лесазаводзе асвоіў шмат спецыяльнасцяў – працаваў рамшчыкам, на стругальным станку.
Успомніць рамяство дзяцінства падштрухнуў і такі выпадак. Дачцэ Жанне падарылі плеценую карзінку. Разгледзеў яе Аляксандр Аляксандравіч і… пайшоў па лазу. Нялёгкая справа нарыхтаваць сыравіну для лозапляцення, тут патрэбны пэўная тэхналогія, навыкі. Паспрабаваў – атрымліваецца, так і пачаў займацца лозапляценнем. Аляксандр і Святлана Блатуны гавораць, што гэтая мастацкая творчасць упрыгожвае іх жыццё. А мы дапоўнім, што такія самабытныя майстры – скарб нацыі.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО