Будзь здаровы, як вярба!

Источник материала:  
01.04.2018 — Разное

Будзь здаровы, як вярба!

1 красавіка ў праваслаўных хрысціян Вербная нядзеля.

 

У свята некалькі назваў – Уваход Гасподзень у Іерусалім, Вербніца і Пальмавая нядзеля. Вернікі кажуць, што больш правільна гэты дзень называць Пальмавай нядзеляй. І вось чаму: у 30 годзе нашай эры Ісус прыбыў на сваім асле ў Іерусалім. Перш за ўсё Ён адправіўся ў храм, дзе вылечыў тых, хто пакутаваў ад хваробаў. Падзякі народа не было мяжы. Хрыста адарылі пальмавымі галінамі. Справа ў тым, што пальма ў старажытных яўрэяў лічылася свяшчэнай раслінай. Людзі верылі, што толькі яна перадае зямлі магічную сілу і, галоўным чынам, уплывае на ўрадлівасць. У нас пальму замянілі на вярбу – прадвеснік вясны, сімвал прыроднай стойкасці.


Святкаванне хрысціянскай Вербнай нядзелі мае цесныя сувязі з народнымі традыцыямі. У гэты дзень у царкве асвячаюць галінкі распушчанай вярбы. Асвечанай вярбой, каб надаць людзям жыццястойкасці, здароўя, росквіту, жартоўна б’юць дамачадцаў з прыгаворамі накшталт: «Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень Вялікдзень, будзь здаровы, не ўмірай, Вялікадня дачакай. Ужо недалечка чырвона яечка. Будзь здаровы, як вярба, будзь прыгожы, як вясна, будзь вясёлы, як лета, будзь багаты, як восень!» Асвечаным галінкам надаецца асобае ахоўнае значэнне на ўвесь год. Каб абараніцца ад маланкі, некалі ўсе члены сям’і з’ядалі па аднаму пухірку асвечанай вярбы, а гаспадар з прыгаворамі абыходзіў, сцёбаючы, усю жывёлу, пабудовы, вуллі, агарод, поле, магілы продкаў. Асвечаныя галінкі вярбы захоўваліся за бажніцай да наступнай Вербніцы.

 

Наталля ТУРКО.

←Да дня яднання народаў Беларусі і Расіі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика