Людзі Смаргоншчыны: Геніслаў і Вера Карвелі

Источник материала:  
30.03.2018 — Разное
Зіма 1967-68 была доўгай і снежнай. Белая прасціна накрыла двары і палеткі яшчэ ў лістападзе, і з кожным днём снегу падсыпала ўсё больш і больш. Здавалася, неба высыпе на Спягліцу ўсё, што збірала некалькі гадоў. Дарогі замяло так моцна, што машыны і аўтобусы амаль не выязджалі. Нават пошту па вёсках развозілі на трактары. Тую зіму Геніслаў і Вера Карвелі добра памятаюць. Бо была яна нібы выпрабаваннем альбо нават пацверджаннем іх пачуццяў, а таксама кропкай адліку сямейнага шчасця.

Людзі Смаргоншчыны: Геніслаў і Вера Карвелі

Яны сустрэліся ў клубе на вечарыне. Разам з іншымі лылойцінскімі артыстамі Вера прыехала ў Малінавую даваць канцэрт. Дзяўчына спявала ў хоры, спрытна танцавала, была не на жарт артыстычная. Геніслаў адразу прыкмеціў прывабную блакітнавочку і, як толькі пачаліся танцы, адразу ж запрасіў яе. Вера Іванаўна і сёння памятае, што будучы муж моцна выдзяляўся на фоне іншых кавалераў. Быў стройны, чорнавалосы, кучаравы, а польку з падбіваннем танцаваў так, што людзі вакол расступаліся і пляскалі ў далоні.

Людзі Смаргоншчыны: Геніслаў і Вера Карвелі

Танцы скончыліся. Геніслаў правёў Веру да машыны, але пра тое, што хоча яшчэ раз сустрэцца, сказаць не адважыўся. Так і развіталіся, пакінуўшы адзін аднаму прыемны водар успамінаў пра гэты цудоўны вечар.

Сёння Вера Іванаўна не саромеецца прызнацца, што многія прыходзілі да яе ў сваты. Маці, бабуля, цёткі прымушалі заручыцца з Базылём (аўт. заўвага – мянушка). Але Вера супраціўлялася як магла. Не хацела ні грошай, ні заможнасці. Сэрца імкнулася да таго чарнявага і кучаравага, які так спрытна танцаваў, далікатна трымаў яе за руку і замілавана глядзеў у вочы. А сям’я тым часам не давала дзяўчыне супакою, і ў адзін са студзеньскіх вечароў Базыль з раднёй прыйшлі ў сваты. Ведалі: яна так проста згоды не дасць, а таму ўзялі з сабою нават дырэктара школы, каб заручыцца яго падтрымкай. Але Вера моцна стаяла на сваім. “Не пайду, і ўсё! – не саступала яна. - Такіх жаніхоў, як вы, у мяне да Масквы!” І тут сваты пайшлі на хітрасць. Адкаркавалі бутэльку і паднеслі чарку незгаворлівай нявесце. Вера, якая дагэтуль амаль што не каштавала самагонкі, хутка захмялела і, слаба разумеючы свой учынак, згадзілася выйсці за Базыля. Задаволеныя сваты пайшлі дадому.

Зіма гаспадарыць на сялянскіх падворках. Жаніх рыхтуецца да вяселля. Запрагае каня ў сані, каб ехаць у суседнюю вёску купляць кабана. Не можа знайсці сабе месца Вера: ходзіць па хаце з вугла ў вугал, думае, як адмяніць вяселле.

Вечар. У вёсцы танцы. Сабралася не толькі моладзь, але і сталыя папрыходзілі: тут і маці Веры, тут і Базылі. Абступілі з усіх бакоў нявесту: кроку ступіць не даюць. А яна так і чакае моманту, каб вышмыгнуць. Бо на вечарыну прыйшоў ён, любы і чаканы, яе Генка. Паклікала сяброўку і нашаптала ёй на вуха: “Падыдзі да Генкі і скажы, няхай запросіць мяне патанцаваць.” І Генка падышоў. Павітаўся, папрасіў у Базыля прабачэння і запрасіў на танец Веру. “Генка, за другога мяне аддаюць! – не чакаючы зручнага моманту выпаліла дзяўчына. - Калі хочаш, каб тваёй я была, прыяз-джай у сваты!”

Праз некалькі дзён Генка са сваякамі стаялі на парозе Верынай хаты. Маці запрасіла зайсці, пасадзіла сватоў за стол. А цёткі, якія хацелі выдаць пляменніцу за Базыля, нават з печы не злезлі. Не зайздросны жаніх, на іх думку, быў Геніслаў. Круглы сірата. Бацькі памерлі рана, хлопчыка гадаваў дзядзька. Не паспеў ён за сваё хлапечае жыццё нажыць багацця. Але не пра іх марыла каханая. “Я нават не пыталася, хто і што ў яго ёсць, - успамінае Вера Іванаўна. – Нічога мне трэба было. Абы толькі ён быў!

13 сакавіка яны пажаніліся. А ад заручын да вяселля Генка амаль кожны вечар прыязджаў да каханай. 7 кіламетраў – ад Спягліцы да Жодзішак – ішоў пяшком, а там да Лылойцяў дабіраўся на спадарожным транспарце. Разгулялася завіруха – з хаты не выйсці, вецер калючы. “Не прыйдзе твой сёння, не чакай”, - пазірае на Веру маці. Толькі прамовіла - і дзверы ў сенцах заскрыпелі. І вось ужо на парозе, запыханы і расчырванелы, стаіць ён і пакрысе сгортвае з аб’інелай шапкі снег.

Пасля вяселля малады пераехаў да нявесты. Жылі ў бацькоўскай хаце і паступова з перавезенага зруба ўзводзілі сваю. Геніслаў уладкаваўся ў калгас трактарыстам, і ўсё жыццё так і працаваў. Унясенне ўгнаенняў, ворыва, сяўба і дзясятак сезонаў на ўборачнай. Тэхнікі ў калгасе было мала, зямлі шмат. За светавы дзень трактарысты ўсё зрабіць не паспявалі. Працавалі і ноччу. Як пойдзе Геніслаў Вікенцьевіч з хаты на досвітку, так можа і некалькі дзён правесці ў палях. Не паспытала лёгкага хлеба і жонка. 20 гадоў кіравала фермай у Дзенавішках. За працай муж з жонкай не заўважылі, як і дзеці выраслі.

У тыя часы Лылойці былі вялікай вёскай. Вера і Геніслаў памятаюць, як адна за адной будаваліся хаты на іх вуліцы. Тут жылі толькі маладыя сем’і. Адносіны паміж суседзямі складваліся нядрэнныя. Часта збіраліся, дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся жыццёвымі турботамі. “Сёння ў нашай вёсцы адныя ўдовы”, - адценне смутку кранае твар Веры Іванаўны. “А па правым баку вуліцы большасць дамоў стаяць пустымі,” – дадае жанчына.

Гэта зіма шчодра закідала Лылойці снегам. У некаторыя дні яна нагадвала мужу і жонцы тую, што засталася ў іх шлюбным 68-м. Пяцьдзясят зім правялі Геніслаў і Вера, пяцьдзясят вёснаў сустрэлі плячо ў плячо. І шчаслівыя яны, што сёння, трымаючыся моцна за рукі, разам сустракаюць свой вясельны пяцьдзясят першы сакавік.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара і з сямейнага архіва.

←Забеги в гигаботах и заезды на веломобилях, мини-фестиваль клоунов и шутки от театра юмора «Канкан»… Что предложат выходные?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика