Напішам гісторыю краю разам
У канун Года малой радзімы ў цэнтральнай раённай бібліятэцы было створана грамадскае аб’яднанне краязнаўцаў, старшынёй якога абраны Пётр Несцяровіч. На мінулым тыдні адбылося другое, выязное пасяджэнне на базе Палескай школы.
Члены суполкі аматараў захавання гістарычнай памяці нездарма выбралі гэту ўстанову адукацыі і сам аграгарадок, бо засажэўская зямля багатая на цікавыя гісторыі, на таленавітых людзей, на маляўнічыя назвы населеных пунктаў. За круглым сталом, дзе поруч з гасцямі сустрэчы прымалі ўдзел настаўнікі і вучні школы, вялася размова пра былых перадавікоў вытворчасці, вядомых славутых вучоных і творцаў. Былы старшыня сельсавета Аляксей Мельнікаў паведаміў пра ўжо зніклыя і выміраючыя вёскі, адкуль узяўся род Куцаковых расказаў прысутным у падрабязнасцях настаяцель мясцовага храма айцец Мікалай. Педагог на заслужаным адпачынку Аляксандр Ганчароў давёў інфармацыю пра знакавыя помнікі археалогіі Чачэршчыны – нісімкавіцкія курганы. Зберагаць і ахоўваць каштоўныя скарбы нашай зямлі – крыніцы – заклікала бібліятэкар Бяляеўскай бібліятэкі-клуба Марына Іванова, і прапанавала школьнікам у перыяд летніх канікул прайсці турыстычнымі маршрутамі па берагах рэчкі Молінкі. Было цікава пачуць пра сталыпінскія хутары, сплаў драўніны па Каўпіце і паходжанні яе назвы, наяўнасць некалі на тэрыторыі Савета цаглянага і мелавога заводаў, успомніць імя былога старшыні калгаса «Камунар» Міхаіла Зубарава і іншае. Тут жа паступіла прапанова адкрыць у школе музейны куток адважнага абаронцы Радзімы Пятра Чулкова.
Падчас мерапрыемства прайшоў вусны гістарычны дыктант на веданне знакавых дат, падзей і прозвішчаў жыхароў краю. Рабяты адказвалі на пытанні: якія ўзвышшы маюцца на тэрыторыі раёна, чаму возера Святое займела такую назву, пералічвалі галоўныя экспанаты гісторыка-этнаграфічнага музею, ад імя якога карыснага выкапня пайшла назва адной з вёсак у Палескім сельсавеце і інш. У выніку дыпломамі, а таксама каштоўнымі падарункамі ад раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» былі ўзнагароджаны вучаніцы 8 класа Інэса Драздова і Яна Драздова, а таксама Настасся Міхаленка (11 клас). Добры поціск рукі і сувенір з рук Пятра Несцяровіча стаў прыемным падарункам для старажыла Палесся Міхаіла Фёдаравіча Юрчанкі. Напрыканцы дня члены аб’яднання наведалі мясцовую царкву і музейны пакой Куцаковых. «Дадзеная работа накіравана на тое, каб захаваць і перадаць нашчадкам тое роднае і каштоўнае, што назапасілі нашы продкі, – адзначыў Пётр Васільевіч. – Важна, каб і самі дзеці прымалі ў гэтай дзейнасці самы актыўны ўдзел. Збор любой інфармацыі пра працавітых і адораных людзей, адметныя гістарычныя факты, вясковы побыт і ўсё, што звязана з малой радзімай, дапаможа зберагчы памяць аб мінулым. А народ жыве датуль, пакуль памятае. Хачу заклікаць усіх аматараў-краяведаў далучыцца да нас і стаць збіральнікамі летапісу свайго краю. Неабходную інфармацыю пра аб’яднанне можна атрымаць у раённай бібліятэцы і туды ж перадаць матэрыялы пра свой радавод, вёску, жыццё і лёс пэўнага чалавека».
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.