Акцыя «Тыдзень лесу» пройдзе ў Беларусі з 14 па 21 красавіка

Источник материала:  
30.03.2018 — Разное

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акцыя «Тыдзень лесу» пройдзе ў Беларусі з 14 па 21 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

«У гэтым годзе акцыя, арганізатарам якой традыцыйна выступае Міністэрства лясной гаспадаркі, будзе прысвечана Году малой радзімы і аднаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў у 2017 годзе. Галоўная мэта мерапрыемства — прыцягненне шырокай увагі грамадскасці да праблем ляснога фонду, папулярызацыя беражлівых адносін да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, узмацненне экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў», — адзначылі ў прэс-службе.

Акцыя праводзіцца 11-ы раз. «Як паказвае статыстыка, з кожным годам да мерапрыемства далучаецца ўсё большая колькасць беларусаў. Толькі ў мінулым годзе свой уклад у прымнажэнне ляснога фонду краіны ўнеслі каля 82,5 тыс. чалавек. Іх рукамі пасаджаны амаль 21 млн дрэў. Усяго ў ходзе „Тыдня лесу-2017“ лясныя культуры былі створаны на плошчы 6,7 тыс. га, з іх 1,1 тыс. га — участкі лесу, пашкоджаныя ўраганамі. Акрамя таго, былі адрамантаваны месцы адпачынку, праведзены работы па ўборцы захламленасці, ачыстцы прыдарожных палос», — расказалі ў ведамстве.

Цяпер лясгасы і ДВЛГА вызначаюць пералік аб'ектаў, на якіх будуць арганізаваны работы па лесааднаўленні і навядзенні парадку ў час цяперашняй акцыі. Чакаецца, што яна пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны. Мінлясгасам зацверджаны склад аргкамітэта і распрацаваны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні «Тыдня лесу». Свае абласныя планы мерапрыемстваў распрацавалі і ўсе дзяржаўныя вытворчыя лесагаспадарчыя аб'яднанні. «Для таго каб прыняць удзел у акцыі „Тыдзень лесу-2018“, жыхарам нашай краіны неабходна звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва. Спецыялісты не толькі вызначаць месца і від работы, але і забяспечаць неабходным інвентаром, пасадачным матэрыялам», — растлумачылі ў прэс-службе.

У акцыі штогод прымаюць актыўны ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутацкі корпус, кіраўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, бізнес-супольнасць. Для прыцягнення яшчэ большай увагі да мерапрыемства па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі быў падрыхтаваны тэматычны відэаролік аб зялёным багацці Беларусі.

←Требования к содержанию и качеству общедоступных социальных услуг установлены в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика