У Слуцку памёр пяты чалавек, які выпіў невядомую вадкасць
Фота: kurjer.info
28 сакавіка ў слуцкай лякарні памёр пяты чалавек, які атруціўся невядомай спіртазмяшчальнай вадкасцю. Пра гэта піша мясцовае выданне kurjer.info са спасылкай на Следчы камітэт.
Як паведамлялася раней, 23 сакавіка кампанія з пяці чалавек знайшла паўтаралітровую бутэльку, сартуючы смецце на мясцовым сметніку. Паводле інфармацыі слуцкіх журналістаў, менавіта апошні з памерлых знайшоў тую самую бутэльку і зрабіў пробны глыток. Ён вырашыў, што ў бутэльцы спірт і перадаў яе іншым. Вадкасць распілі іншы мужчына і тры жанчыны. Яны памёрлі 24 і 26 сакавіка.
Апошні мужчына, калі яму стала кепска, спрабаваў лячыцца гарэлкай, выкарыстоўваючы яе як антыдот ад метылавага спірту. Магчыма, гэта, а таксама невялікая доза выпітага дазволіла яму пратрымацца даўжэй за іншых.
Вынікаў экспертызы наконт таго, што менавіта піла ў той дзень кампанія мужчын і жанчын, пакуль няма.