2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Источник материала:  
28.03.2018 — Разное

Карцінкі з глыбінкі

Вам калі-небудзь даводзілася сустракаць усіх жыхароў якога-небудзь населенага пункта ў адной хаце? Размаўляць з Абамам? Назіраць, як дэпутат дапамагае па гаспадарцы сваім выбаршчыкам? Калі не — наведайце вёску Свіханава.

2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Седзячы побач на канапе, жанчыны ахвотна расказваюць аб сваім жыцці-быцці, узгадваюць пра былыя гады, уласныя праблемы. Яны адносяцца да розных пакаленняў, але маюць шмат агульнага. Ды і ці можа быць інакш, калі практычна сталі адной сям’ёй, бо жывуць у вёсцы ўдзвюх — праз дзве хаты адна ад другой.

Амілія Дамарад лічыць сябе карэннай жыхаркай Свіханава: нарадзілася і вырасла тут. А вось яе матуля — мінчанка, краўчыха, якую кармілі хуткія ногі ды ўмелыя рукі, зарабляла тым, што хадзіла па вёсках і абшывала мясцовы люд. І калі з’явілася ў гэтых мясцінах, удавец Станіслаў не адпусціў, прывёў прыгажуню Юзэфу ў сваю хату, дзе, акрамя яго, было трое дзяцей. Тут дзяўчына і засталася. Вясковыя жанчыны недаверліва пасмейваліся: “Гараджанка ды ў вёсцы? Ці ж зможа яна жаць ды прасці?” А маладзіца змагла. Навучылася ўсяму, добрай гаспадыняй была. І, выконваючы заказы ў навакольных вёсках, яшчэ і вучыла мясцовых малых польскай мове. Нарадзіла і выгадавала пяцёра ўласных дзяцей, адной з якіх была Амілія — адзіная дзяўчынка. Дзяцінства яе было азмрочана вайной і фашысцкай няволяй. Месяц правяла за калючым дротам у Дрэздэне, потым працавала на заводзе “Опель” у Брандэнбургу, дзе вырабляла шчоткі для машын. І каб не мацярынская дапамога ўкраінскай жанчыны, якая выратоўвала з многіх складаных сітуацый, не ведае, ці выжыла б…


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Аміля аўдавела ў 26, потым яшчэ раз выйшла замуж. Усё жыццё працавала ў калгасе.

А Таццяна Паўловіч, якая гадоў 5 таму стала сацыяльным работнікам у вёсцы, маладыя гады правяла ў райцэнтры. Працавала на пошце, у вагонным дэпо. Потым вярнулася ў бацькоўскую хату і адчула, што душа знайшла надзейны прытулак менавіта на малой радзіме.


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Сёлета жыхары Мязовічаў і Свіханава выбралі яе дэпутатам сельскага Савета, таму зараз Таццяна будзе клапаціцца не толькі пра бабулю Амілю. І ўвагі і спагады гэтай увішнай жанчыны хопіць на ўсіх.

Жыхаркі вёскі радасна паведамілі, што іх насельніцтва павялічваецца напалову: Віктар Вернікоўскі пасля хваробы перабраўся ў мясціны, дзе вырас. Відаць, гаючае роднае паветра робіць сваю справу. Тут мужчына збіраецца і застацца, падставіць моцнае плячо сваім аднавяскоўкам.


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Акуратная вуліца з 17 хат — вось і ўсё Свіханава. Выйшаў за веснічкі — і вёску бачыш як на далоні. Таццяна праводзіла нас у суправаджэнні надзейных чатырохногіх сяброў — Абамы і Шмыгі. Іх у вёсцы таксама двое. Яны разам з гаспадыняй засталіся чакаць аўталаўку, якая павінна была вось-вось пад’ехаць, а рэдакцыйная машына накіравалася ва Ульянаўку.

Са Свіханавам іх раздзяляе адлегласць кіламетраў у 15. Абедзве вёскі па адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні адносяцца да Дараганаўскага сельсавета. А яшчэ іх аб’ядноўвае тое, што насельніцтва абедзвюх можна пералічыць па пальцах.


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Ульянаўка знаходзіцца на мяжы са Старадарожчынай. Калісьці і яна адносілася да гэтага раёна.

Зінаіда і Віктар Міхадзюкі тут — адзіная сям’я. Яна родам са Старых Фалічаў, ва Ульянаўку — а гэта крыху больш за 10 кіламетраў — пайшла замуж у 1961 годзе. Тым часам жыло тут больш за 70 чалавек, а сёння — пяцёра. У розны час гаспадыня працавала на пошце і ў магазіне, а муж загадваў майстэрнямі ў калгасе. Але маладыя гады мінулі, пакінуўшы ўнукаў-праўнукаў, вялікую колькасць фотаздымкаў і ўспаміны. Цяпер бабуля з дзядулем жывуць удваіх. Па гаспадарцы дапамагае сацыяльны работнік, а прадукты і навіны прывозіць аўталаўка.


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Марыя Крумкач да прыезджых ставіцца насцярожана: калісьці напужалі яе цыгане, а абварыўшыся на малацэ, як вядома, і на ваду дзьмухаюць. Але пазней разгаварылася, расказала пра сваё жыццё.


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Ульянаўка разам з бацькамі мужа прыязна прынялі яе, маладую дзяўчыну. Пераехала сюды са Ставішча ў 1958 годзе. Працавала ў паляводчай брыгадзе, нарадзіла чацвярых дзяцей, радавалася з’яўленню на свет кожнага з 8 унукаў. Ужо 21 год жыве адна. Нядаўна сын вазіў яе ў райцэнтр, каб паставіць зубныя пратэзы, дык Марыя Іванаўна не пазнала горад. Кажа, што дужа змяніўся яго воблік за апошнія дзесяцігоддзі. Уражаннямі падзялілася і з суседзямі.

Непадалёк ад яе жыве Анатоль Самсановіч, які таксама знайшоў прытулак у вёсцы, дзе калісьці бегаў хлапчуком. Сам вядзе хатнюю гаспадарку.


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

У свой час паглядзела свет і ўраджэнка суседніх Каўгароў Таццяна Міхадзюк. Нават у Прусіі калісьці жыла, даглядала коней. Таму дакладна ведае, што сама надзейна і ўпэўнена можна адчуваць сябе толькі ў роднай старонцы, і апошнія паўвека не пакідае сваю Ульянаўку.


2+5 = Свіханава ды Ульянаўка

Адкрытыя твары, шчырыя ўсмешкі, спрацаваныя рукі — такімі прадстаюць перад намі жыхары гэтых маленькіх, ціхіх, прыгожых вёсак, якія сталі для кагосьці самым дарагім куточкам вялікай і неабсяжнай планеты.

Іна Заскевіч. Фота Ніны Царык.

← Футбольный турнир памяти праведной Софии Слуцкой прошел в Солигорске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика