Праведнiкi Воранаўшчыны
«Праведнік народаў свету» — з 1960-х гадоў такі тытул атрымліваюць людзі неяўрэйскай нацыянальнасці, якія ў гады Другой сусветнай вайны, рызыкуючы жыццём, ратавалі яўрэяў. У Воранаўскім раёне такога ганаровага звання былі ўдастоены сем чалавек.
Праведнікі Казімір КОРКУЦЬ, Антон ГАЎРЫЛКЕВІЧ выратавалі сем’і: КАБАЧНІК, САЛАМЯНСКІХ, ШУЛЬМАН, ЛЕВІНЫХ. У верасні 1939г. вёска Каркуцяны ўвайшла ў склад БССР. Многіх палякаў, якіх падазравалі ў антыўрадавых дзеяннях, высылалі ў лагеры на поўнач Расіі. Сярод тых, каго збіраліся выслаць, быў сваяк Казіміра Коркуця. Адзін з членаў сям’і Кабачніка, яўрэяў з вёскі Эйшышкес, дапамог у вызваленні таго сваяка. Коркуць аддзячыў Кабачніку ў 1941 годзе. Немцы сабралі ўсіх яўрэяў Эйшышкес для адпраўкі ў гета. Тады Коркуць даў часовы прытулак у Каркуцянах сям’і Кабачніка, пазней вырашыў адвезці ў Радунь. Але даведаўся аб ліквідацыі мясцовага гета і таемна перавёз сям’ю Кабачніка і іх сваякоў Саламянскіх у свой дом.
Рызыкуючы жыццём, ён выратаваў шмат яўрэяў, у тым ліку сем’і Шульман і Левіных з Іўя. Часам Коркуцю дапамагаў 18-гадовы пастух Антон Гаўрылкевіч. Аднойчы Гаўрылкевіча і Коркуця арыштавала гестапа. Нягледзячы на жорсткія катаванні, яны не выдалі сваіх сяброў.
Праведнікі Антоній і Марыя УХТО выратавалі Свету ВОРАНАЎСКУЮ.
У час вайны Марыя і Антоній жылі ў вёсцы Дайнава. У кастрычніку 1942г. Міхл (Міша) Воранаўскі, ратуючы сваю дачку Свету, пакінуў яе ў сужанцаў Ухто. Каб дзяўчынцы было бяспечна, яны змянілі яе веравызнанне на каталіцкае і далі імя Тэрэза. Бацькі Светы Міхл і Фрыда загінулі ў «Майданку». Пасля вайны Ухто пераехалі ў Познань. Тэрэза заставалася з імі, пакуль не стала дарослай.
Праведнікі Анэля і Фелікс МАТОНІС, іх сын Браніслаў выратавалі Яўгенію ЛОСС (ЯБЛОНЬСКУЮ).
Падчас вайны сям’я Анэлі і Фелікса з чатырма сынамі — Зігмундам, Людвігам, Браніславам і Юзафам — жыла ў вёсцы Вайкунцы. У сакавіку 1943г. да іх у дом прыйшла Яўгенія Лосс, якая ўцякла з Воранава пасля расстрэлу нацыстамі сястры. Уся сям’я прымала ўдзел у выратаванні Яўгеніі. Зладзілі сховішча ў хляве, насілі ежу. Толькі ноччу дзяўчына выходзіла са свайго прытулку.
Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
студэнтка ІV курса ГрДзУ імя Я. Купалы.