Вельмі прыгожым, вясёлым, шчырым на добрыя словы і віншаванні стала ўрачыстае адкрыццё абноўленай спартыўнай залы Докшыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Сваё новае аблічча яна набыла дзякуючы мясцовай ініцыятыве “Беражы здароўе змоладу” праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Удзельнікамі свята сталі тыя, хто актыўна садзейнічаў рэалізацыі дадзенай ініцыятывы, праяўляў клопат, зацікаўленасць і неабыякавасць да развіцця дзіцяча-юнацкага спорту Докшыччыны.
Напачатку мерапрыемства да прысутных звярнулася дырэктар ДзЮСШ Марына Ярмаковіч, якая падрабязна расказала пра рэалізацыю мясцовай ініцыятывы, на якую было затрачана 26 тысяч долараў ЗША. У яе рамках спецыяльнымі прызамі ўзнагароджаны лепшыя спартсмены школы, адбылося некалькі спартыўных мерапрыемстваў, на фасадзе будынка з’явіўся банер з фотаздымкамі мясцовых чэмпіёнаў, быў устаноўлены дарожны ўказальнік аб месцы знаходжання школы, а таксама набыты турыстычны і іншы спартыўны інвентар. І самае галоўнае – гэта абнаўленне спартыўнай залы, галоўным акцэнтам якога з’яўляецца сучаснае сінтэтычнае пакрыццё падлогі. Актыўны ўдзел у рэалізацыі ініцыятывы прымалі раённая ўлада і рэгіянальны каардынатар Андрэй Давыдзенка, а таксама працаўнікі ДРБУ-180, актывісты валанцёрскага лагера “Выток”, індывідуальныя прадпрымальнікі Вадзім Кучко, Юрый Гільніч, Уладзімір Курто, старшыня ФСК “Ураджай” Таццяна Ярашэвіч і ўсе трэнеры-выкладчыкі і работнікі школы, асабліва трэнер Алена Аліноўская, якая была каардынатарам ініцыятывы і арганізоўвала ўсе спартыўныя мерапрыемствы.
Лепшыя спартсмены ДзЮСШ па выніках 2017 года:
дзюдаісты – Ілья Лашкуноў, Раман Валодзькін, Мар’я Таразевіч, Антон Таразевіч, Валерыя Зінгер;
лёгкаатлеты – Юрый Ярыжанец, Дзмітрый Салавей, Мікалай Супрановіч, Ганна Цімкова, Ілья Януковіч, Цімафей Мітрафанаў, Віялета Сіўцэвіч, Уладзіслаў Смалякоў, Віялета Шопат, Арсеній Лукоўскі, Кацярына Аліноўская, Алег Гамеза, Раман Андарала, Дзяніс Дук.
– Акрамя трэнерска-педагагічнага саставу галоўныя ў школе і юныя спартсмены, якія з задавальненнем займаюцца спортам, дасягаюць высокіх вынікаў, самасцвярджаюцца ў сваім жыцці і праслаўляюць наш раён на спартыўнай арэне, – адзначыў у прывітальным слове старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Прыемна, што ў спартыўным накірунку ў нас працуюць неабыякавыя людзі. Вельмі добра, што ёсць такая ініцыятыва, і яе трэба працягваць. Цяпер на чарзе рамонт фасада будынка і спартыўнай пляцоўкі ля школы.
Пераможцы раённага этапу рэспубліканскага конкурсу малюнкаў “Пасябруй са спортам!”:
Дар’я Арцімовіч, Настасся Васько, Мілана Куратнік, Настасся Малюжанец, Любоў Савулава, Вікторыя Азерская, Ганна Трацэўская, Паліна Янчак.
Словы падзякі выказаў прысутным і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзмітрый Парцянка.
Пасля традыцыйнага пераразання чырвонай стужкі госці сталі ўдзельнікамі спартыўна-музычнай праграмы, якую распачало паказальнае выступленне выхаванцаў аддзялення барацьбы дзюдо (на здымку). Музычныя падарункі прапанавалі юныя артысты ўзорнай вакальнай студыі “Тоніка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Сваё акрабатычнае майстэрства прадэманстравала каманда па чырлідзінгу Параф’янаўскай СШ. Падчас канцэрта ўзнагароды прымалі лепшыя спартсмены ДзЮСШ 2017 года старэйшага і малодшага ўзросту, а таксама пераможцы раённага этапу рэспубліканскага конкурсу малюнкаў “Пасябруй са спортам!” Завяршылася ўрачыстасць спартакіядай ДзЮСШ па лёгкай атлетыцы.
Вынікі спартакіяды па лёгкай атлетыцы:
Сярод юных спартсменаў 2005-2006 г.н. у скачках увышыню з разбегу перамаглі Раман Андарала і Ганна Падцяроб, у скачках удаўжыню з разбегу – зноў Раман Андарала, а таксама Васіліса Кавалеўская. Сярод юных спартсменаў 2007-2008 г.н. у скачках увышыню з разбегу перамаглі Арсеній Лукоўскі і Кацярына Аліноўская, у скачках удаўжыню з разбегу – таксама Арсеній Лукоўскі і Алена Вайцяшонак.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.