Накурыўся на дзевяць гадоў

Источник материала:  
27.03.2018 — Разное
>

Накурыўся на дзевяць гадоў

Незаконны абарот наркотыкаў — злачынства супраць здароўя чалавека, садзейнічае распаўсюджванню грамадска небяспечнай з’явы, якая ўплывае на рост злачыннасці, стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Адказнасць за яго прадугледжана артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Крымінальная справа па гэтым артыкуле была ўзбуджана супраць пастаўчаніна С. і разгледжана ў судзе.

Судовым разборам устаноўлена, што абвінавачваны меў намер на незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне, перавозку і незаконны збыт наркатычных рэчываў. І ўсё гэта зрабіў. Віну сваю прызнаў толькі ў тым, што меў і захоўваў дома марыхуану, якую набыў у невядомай яму асобы. Такія дзеянні падпадаюць пад пункт 1 згаданага артыкула, і пакаранне прадугледжана ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або яе пазбаўленне на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Пункты 2-5 праду­гледж­ваюць больш строгае пакаранне. Таму сваю віну ў тым, што наркотыкі збываў, С. не прызнаваў, настойваў, што захоў­ваў марыхуану толькі для сябе і нікому яе не паказваў.

Аднак у матэрыялах справы былі паказанні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сведчылі, што ім паступіла аператыўная інфармацыя наконт таго, што С. займаецца незаконным збытам наркотыкаў. Удакладню: пад незаконным збытам маецца на ўвазе не толькі продаж наркатычных рэчываў, але і іх дарэнне, абмен, выплата даўгоў ці пазыка. Збытам прызнаецца і сітуацыя тыпу “сумесна пакурылі”. Меліся факты, калі С. ва ўстаноўленым месцы вёў перамовы пра магчымае набыццё наркатычнага рэчыва. У адносінах да С. было прынята рашэнне аб правядзенні комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у рамках справы аператыўнага ўліку. Устаноўлена, што злачыннай сувяззю па лініі незаконнага абароту наркотыкаў з’яўляецца А., у якога С. часова жыў, а таксама тое, што С. збывае наркотыкі Я. і іншым жыхарам Пастаў. Калі Я. у чарговы раз прыйшоў на кватэру С., то прабыў там каля дзвюх гадзін, а калі выйшаў, яго затрымалі і даставілі ў РАУС. Там спыталі, ці мае пры сабе наркатычныя рэчывы, на што той адказаў адмоўна. Аднак пры асабістым вобыску ў прысутнасці панятых у правай шкарпэтцы знайшлі скрутак з расліннай масай. Яе адправілі на экспертызу, і яна паказала, што гэта марыхуана. Я. расказаў, што прыходзіў да С. па электронныя вагі (на іх экспертыза выявіла сляды мікрачасцінак наркатычнага рэчыва). Калі адыходзіў, С. перадаў яму скрутак і сказаў, што “там зялёны чай, які можна курыць”. У парку частку рэчыва выкурыў, астатняе схаваў. Калі затрымалі, адразу не прызнаўся, бо спадзяваўся, што не знойдуць.

У далейшым па падазрэнні ў захоўванні наркатычных рэчываў былі затрыманы А. і С. Падчас агляду іх кватэры яны ў прысутнасці панятых і ўсіх удзельнікаў прызналіся, што захоўваюць марыхуану, указалі месцы схованкі наркатычнага рэчыва і прылад для яго курэння. Пры гэтым А. прызнаў, што марыхуанай яго пачаставаў С., чаго той не адмаўляў.

У ходзе судовага разбору крымінальнай справы па абвінавачанні А. у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, А. паказаў, што за некалькі дзён да яго затрымання С., які часова ў яго пражываў, пачаставаў яго марыхуанай. Яны разам пакурылі, а частку, якая засталася, ён перасыпаў у пакет і схаваў. Поўнасцю прызнаў віну ў незаконным без мэты збыту набыцці і захоўванні наркатычных рэчываў, за што і асуджаны. За такія ж дзеянні быў асуджаны і Я.

Што да С., то галоўны фігурант у гэтай справе свае паказанні неаднаразова мяняў, блытаў следства і суд. Аднак матэрыялы справы поўнасцю пацвердзілі яго віну ў тым, што ён незаконна з мэтай збыту набываў, захоўваў, перавозіў і незаконна збываў наркатычныя рэчывы (ч. 2 арт. 328). Ён жа быў прызнаны вінаватым у тым, што раней здзяйсняў злачынствы, звязаныя з незаконным набыццём і захоўваннем наркатычных рэчываў (ч. 3. арт. 328). Па паўторнасці злачынстваў С. асуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. З прыгаворам суда С. не пагадзіўся і абскардзіў яго ў апеляцыйную інстанцыю — Віцебскі абласны суд, які пакінуў прыгавор суда Пастаўскага раёна без змяненняў, а апеляцыйную скаргу С. — без задавальнення.

Матэрыялы гэтай справы склалі пяць тамоў. Але ўсе абставіны высветлены, віна даказана, вінаватыя панеслі заслужанае пакаранне.

Наталля МАКСІМОВІЧ, суддзя
Сяргей ДЗЕРАВЯНКА

←В Верхнедвинске откроется детская игровая площадка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика