Людзі Смаргоншчыны: Мікалай Царык
На прыступках роднай школы. Педагагічны калектыў Войстамскай сярэдняй школы.
Мікалай ЦАРЫК – другі справа ў верхнім радзе.
Нарадзіўся Мікалай Іванавіч 15 сакавіка 1928 года ў вёсцы Міцкавічы Смаргонскага раёна. У гады вайны быў удзельнікам партызанскага руху. У 1964 годзе скончыў Віцебскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці хімія-біялогія. Працаваў настаўнікам біялогіі ў Войстамскай школе з 1953 года, а пасля выхаду на пенсію – настаўнікам працоўнага навучання. Праз яго рукі, розум і сэрца прайшлі сотні і сотні дзяцей. Настаўніцкай працы Мікалай Іванавіч аддаў шмат год свайго жыцця. Першае, што адчуваеш пры сустрэчы з ім, – гэта тое, што ён застаўся маладым душой і сэрцам.
Мікалай Іванавіч заўсёды рады сустрэчы з сённяшнімі вучнямі Войстамскай базавай школы. Ён сустракае іх ужо каля веснічак свайго дома. Вочы свецяцца радасцю: побач з ім, як і многа гадоў назад, вучні, тыя, каму ён кожны дзень аддаваў частачку свайго сэрца і душы. Яго цікавіць усё: ці на месцы яго майстэрня, дзе знаходзіцца цяпер кабінет біялогіі, колькі зараз дзяцей у школе. За гэтыя хвіліны сустрэчы яму хочацца ўкласці ў юныя душы ўвесь свой багаты жыццёвы вопыт. Яго галоўны наказ вучням: веды – гэта такі скарб, які заўсёды спатрэбіцца ў жыцці, яго не трэба насіць за плячыма. Ён вельмі цікавы суразмоўца, а беларуская мова з яго вуснаў проста ліецца.
З удзячнасцю ўспамінаюць і выпускнікі свайго настаўніка, яго цікавыя, змястоўныя ўрокі біялогіі. Работа на вопытным участку, на кветніках, правядзенне доследаў, збор гербарыя прыносілі задавальненне вучням. Зачароўвалі вучняў жыццёвыя прыклады і здарэнні, якімі часта дзяліўся настаўнік. Мікалай Іванавіч мог прадставіць прывабнай самую звычайную рэч, паэтызаваць свой прадмет – біялогію. Ён здолеў прывіць любоў да свайго прадмета, і веды, атрыманыя на яго ўроках, дапамаглі вызначыцца выпускнікам у выбары свайго далейшага шляху. Яго вучаніца Людміла Зянонаўна Барысевіч працуе настаўнікам біялогіі і хіміі ў сценах роднай школы.
Л. М. Талстой сказаў аднойчы: “Добраму настаўніку дастаткова мець дзве якасці – багатыя веды і вялікае сэрца”. Усё гэта ўласціва Мікалаю Іванавічу.
З нагоды юбілею жадаю Мікалаю Іванавічу, каб педагагічны талент, дабрыня і душэўная шчодрасць яшчэ доўгія гады заставаліся маяком для ўсіх настаўнікаў і вучняў, а яго вобраз – прыкладам для пераймання.
Тэрэса АЎТУШКА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “ВПК Войстамскі яслі-сад – базавая школа”.
Фота з архіва школы.
На жаль, калі зроблены гэтыя фотаздымкі, невядома.