Людзі Смаргоншчыны: мнагадзетная маці Святлана Нікалаева
Разам са сваім мужам Юрыем, які працуе дарожным рабочым у РУП “ЖКГ”, Святлана выхоўвае чатырох дачок і сына Кірыла. Старэйшая дачка Ксенія закончыла Смаргонскі політэхнічны ліцэй і працуе поварам у СШ №5. Другая Насця – студэнтка Полацкага каледжа – вывучае правазнаўства. Сямікласніца Ангеліна робіць першыя і даволі ўпэўненыя крокі ў спасціжэнні навуковых пазнанняў, паспяхова выступае на прадметных алімпіядах і разнастайных конкурсах юных эрудытаў. Лізавета марыць пра творчую прафесію, у сям’і яе называюць артысткай. Малодшы Кірыл, якому толькі 2,5 гадкі, – агульны любімчык.
Повар Ксенія.
Мама Святлана з віншаванкамі дзяцей.
«Артыстка» Ліза.
«Прафесар» Ангеліна.
Выходзячы замуж за Юрыя, Святлана ў свае васемнаццаць не меркавала мець шмат дзяцей, аднак жыццё склалася такім чынам, што адмовіць сабе ў магчымасці мець вялікую сям’ю не хапіла рашучасці. Жанчына ўпэўнена, што кожнае дзіця – гэта ўзнагарода ад Госпада. А Юрый яшчэ і вельмі чакаў сына. Муж і жонка не хаваюць той праўды, што напачатку было вельмі складана. Дзіцячыя хваробы, бытавая неўладкаванасць, фінансавыя праблемы, высокая загружанасць маці, якая не вылучалася дужа моцным здароўем. Праз гэта праходзяць усе сем’і, але не ўсе так злучаюцца ў пераадоленні цяжкасцей. Нікалаевы выстаялі ў няпростых умовах, пабудавалі ўласны дом, пасадзілі вялікі сад, які багата пладаносіць штогод. Большасць работ унутранай аддзелкі дома Юрый выканаў уласнымі рукамі, дапамагалі чым маглі і яго бацькі. Словы ўдзячнасці выказвае Святлана сваёй свекрыві і залоўцы, якія любяць дзетак і ўсяляк дапамагаюць мнагадзетнай сям’і.
Гледзячы на працавітасць бацькоў, такімі ж дбайнымі падрастаюць і дзеці. Святлана, якая пакуль у дэкрэтным адпачынку, імкнецца аберагаць сваіх дачок ад лішніх нагрузак. А тыя ўсё роўна стараюцца ўзяць на сябе пэўную частку хатніх нескладаных спраў: вынесці смецце, памыць посуд, папалоць градкі, дагледзець малога Кірылку. Не цураецца “жаночай” работы тата Юра: калі трэба, можа і бялізну папрасаваць. Чысценька і ўтульна, хоць і небагата ў гэтай хаце, дзе сцены захоўваюць цеплыню добразычлівых стасункаў, дзе з кухні заўжды цягнецца апетытны шлейф смачных страў, дзе кожны жылец адчувае сябе абароненым і любімым.
Святлана заўжды хацела мець свой дом. Яе дзяцінства прайшло ў вёсцы Белая. Бацькі трымалі гаспадарку. Жанчына, прывучаная да простай сялянскай працы, любіць даглядаць агарод, радуецца душой, калі расцвітае сад і наліваюцца сокам плады на дрэвах. Сем гадоў жывуць Нікалаевы ў сваім доме, пабудавалі летась хлеў і на гэты год запланавалі абзавесціся жывёлай і хатняй птушкай. Мнагадзетная сям’я атрымала гарантаваную дапамогу ад дзяржавы пры будаўніцтве ўласнага дома, кожныя паўгода ім выдзяляецца адрасная дапамога.
Тут выпрацаваліся свае сямейныя традыцыі: абмен сувенірамі і падарункамі на Новы год, святкаванне дзён нараджэння ўсіх сямейнікаў, узаемадапамога і маральная падтрымка кожнага кожным. Святлана і Юрый упэўнены, што няма ў свеце нічога важнейшага за сям’ю, за дзетак. Сэнс жыцця яны бачаць у тым, каб выхаваць сапраўдных людзей, якія ўмеюць паважаць іншых, з любоўю ставяцца да сваіх бліжніх, уласнай працай здабываюць дабрабыт.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.