За тыдзень – Вялікдзень. Каталіцкія вернікі асвяцілі вярбу (Будзе відэа)
Сёння каталіцкія вернікі адзначаюць Вербную нядзелю, альбо Урачыстасць уваходу Пана ў Іерусалім.
У Евангеллi ад Мацвея, дзе апiсваецца жыццёвы шлях Іісуса Хрыста, паведамляецца пра найвялiкшы з Яго цудаў – уваскрашэнне памерлага чатыры днi таму Лазара. Назаўтра Хрыстос прыйшоў у Iерусалiм, жыхары якога сустракалi Яго, усцiлаючы дарогу пальмовымi галiнкамi. Адсюль і пайшло свята, якое адзначаецца ў апошнюю перадвелiкодную нядзелю. Толькi замест пальмовых галiнак сталі выкарыстоўвацца вербныя.
Мнагалюдна было ў зэльвенскім касцёле. Дарослыя разам з дзецьмі ішлі ў храм, каб асвяціць галінкі вярбы. Іх рыхтавалі загадзя, упрыгожвалі кветкамі, стужкамі, засушанымі з лета раслінамі.
Пасля Богаслужэння вернікі сцябалі адзін аднаго вербачкамі, прыгаворваючы: «Не я б’ю – вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень». Такім чынам жадалі здароўя.
Наталля МАЦЮК