Трудовые коллективы Ушаччины поборолись за звание лучшего на районной спартакиаде
На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” ўжо адбылося нямала спаборніцтваў розных узроўняў, а ў суботу, 17 сакавіка, тут прайшло адно з самых цікавых і маштабных мерапрыемстваў – раённая спартакіяда працоўных калектываў. Новая спартыўная пляцоўка Ушаччыны з лёгкасцю ўмясціла ўсіх удзельнікаў і балельшчыкаў, а таксама дала магчымасць увесці дадатковыя віды.
Існуе меркаванне, што калектывы, дзе работнікі сябруюць са спортам, больш згуртаваныя і вытворчыя паказчыкі ў іх вышэй. У праўдзівасці гэтага можна было ўпэўніцца, прагледзеўшы спіс каманд-удзельніц. Наогул жа сказаць, што сёлетняя спартакіяда была вельмі масавай, нельга: удзел у ёй прыняло 16 каманд з 19 працоўных калектываў раёна. Не пажадалі заявіць пра сябе, напрыклад, банкіры, дарожнікі, лясгасаўцы і, як ні дзіўна, трыумфатары “Дня снегу” газавікі, а сярод сельгасарганізацый сваю каманду выставіла толькі ААТ “Ільюшынскі”. І хоць аказаліся аграрыі ў канцы выніковага спіса, зусім не сумавалі – галоўнае ж удзел, а не перамога!
Надзвычай займальна праходзіла ў гэты дзень эстафета па плаванні – новая для Ушаччыны форма спартыўных спаборніцтваў. Ля басейна, дзе мужчынам неабходна было пераадолець дыстанцыю ў 50, а жанчынам – у 25 метраў, балельшчыкаў сабралася многа. Справіцца з хваляваннем плыўцам было няпроста. Многія з іх перад пачаткам заплыву актыўна разміналіся, адпрацоўвалі навыкі нырання і перадачы эстафеты. Найбольш спакойна выглядалі прадстаўнікі раённага вузла электрасувязі – яно і не дзіўна, паколькі на старт выходзіла сямейная пара Дзмітрый і Алена Федуковічы, для якіх сумесныя паходы ў басейн – любімая форма адпачынку. І ўсё ж для паспяховага выступлення гэтага аказалася недастаткова. Самыя хуткія секунды – 56,79 – прадэманстравала каманда Ушацкай школы ў складзе Паўла Паршонка і Вольгі Жыткай. Другое месца – у ДЮСШ (Андрэй Гоман і Вера Кіліна), трэцяе – у санаторыя “Лясныя азёры” (Васіль Палонскі і Марыя Крывапушчанка).
Дартс выявіў найбольш трапных. “Золата” і “бронзу” прадказальна заваявалі аматары і пастаянныя прызёры гэтага віду Ігар Шышко з райвыканкама і Мікалай Фядосенка з ПМС. “Срэбра” ж дасталася Андрэю Лодзісу з ДЮСШ. Былі сярод удзельнікаў і тыя, хто ўпершыню спрабаваў свае сілы ў падобных баталіях. “Гэта не зусім зразумелае для мяне спаборніцтва, – прызнаўся прадстаўнік аб’яднанай каманды Дэпартамента аховы і рэдакцыі Максім Аўдошка. – Звычайна ў спартыўных відах сем патоў сыдзе, а тут прайшло ўсё спакойна і хутка – не паспеў нават увайсці ў раж”.
Гарачыя баталіі разгарнуліся ў відовішчным падняцці гіры. Але і тут ніякіх сюрпрызаў з вызначэннем пераможцаў не аказалася. “Зараз адназначна “сотку” кіне!” – пачулася з натоўпу, калі на памост выйшаў фаварыт, старшыня райвыканкама Уладзімір Аўдошка. І прадказанні апраўдаліся: снарад узняўся над галавой мужчыны 101 раз. Былі ў гэтым відзе і іншыя дастойныя выступленні. Выдатна праявіў сябе прадстаўнік вузла электрасувязі Сяргей Васілеўскі, які з вынікам 81 заняў другое месца. Столькі ж разоў падняў гіру Сяргей Сляцкі з “Лясных азёр”, аднак, улічваючы ўзроставы каэфіцыент, яму не ўдалося ўзысці на п’едэстал – “бронза” дасталася Дзмітрыю Лёлю з аб’яднанай каманды РАНС і ТЦСАН (75 разоў). “Вынікам сваім усё ж задаволены, – прызнаўся ўладальнік ганаровага чацвёртага месца. – Аказацца ў ліку лепшых, лічу, дапамаглі не толькі рэгулярныя трэніроўкі, але і падтрымка калег, блізкіх”. Хварэла ж за С.Сляцкага ўся яго сям’я: жонка з двума маленькімі дзецьмі, якія ў свае 3 і 5 гадоў таксама цікавяцца спортам – у трэнажорнай зале іх неяк было адцягнуць ад калоны з невялікімі гантэлямі.
Да самых цікавых відаў, якія заўсёды праходзяць на адным дыханні, многія адносяць і дыгатлон. Тут даводзіцца праяўляць усю сілу і моц. У адрозненні ад іншых сілавых практыкаванняў, дзе сапернікі змагаюцца завочна, у дыгатлоне прысутнічае барацьба тварам у твар, часам даволі напружаная. Абсалютная большасць удзельнікаў былі не навічкамі гэтага віду. “Супраць Антона Пінчука страшна выходзіць! Уладзімір Аўдошка ў ліку прызёраў, не інакш!” – не спынялася абмеркаванне ў натоўпе. Сапраўды, старшыня райвыканкама аказаўся мацнейшым за многіх, але здолеў стаць толькі пятым – ва ўпартай барацьбе не згадзіўся саступіць яму Віктар Герцык з Ушацкай школы, даўні прыхільнік дыгатлону, які заваяваў “бронзу”. Другім стаў выхаванец І.Клімашэўскага, кандыдат у майстры спорту па армрэстлінгу Мікалай Шкіндзер з аб’яднанай каманды Дэпартамента аховы і рэдакцыі. Перамога ж прадказальна дасталася прыгаданаму вышэй А.Пінчуку, які выступаў за каманду ДЮСШ.
Моцных і вынослівых мужчын выстаўлялі каманды і на гімнастыку. “Ну, давай яшчэ разок! Ты ж можаш!” – то і справа чуліся словы падтрымкі каля перакладзіны ў трэнажорнай зале. З лёгкасцю справіўся з падцягваннем, пацвердзіўшы сваё мінулагодняе чэмпіёнскае званне ў гэтым відзе, Канстанцін Дук з ДЮСШ, паказаўшы вынік у 33 разы. 28 падцягванняў прывялі на другое месца выратавальніка Віталя Баркоўскага, па 23 разы падцягнуліся Канстанцін Красноў з УП ЖКГ і Віталь Хвошч з ПМК-66, аднак, улічваючы ўзроставы каэфіцыент, трэцяе месца было прысуджана першаму.
Азартна праходзіў самы, здавалася б, “ціхі” від спорту – жаночая гімнастыка, дзе прадстаўніцы слабага полу адціскаліся ад лаўкі. У выніку “бронза” дасталася Таццяне Гулевіч (32 адцісканні), якая не адзін год прыносіць дружнай камандзе ЖКГ прызавыя месцы ў розных відах спорту. А вось за вышэйшую прыступку п’едэсталу на роўных змагаліся Ірына Цітова з Ушацкай школы (80 разоў) і Вера Кіліна з ДЮСШ (85). Пасля доўгіх “дэбатаў” першае месца прысуджана прадстаўніцы спартыўнай школы. Хацелася б, каб у наступны раз гэты і іншыя “спрэчныя” віды праграмы ацэньваліся, напрыклад, некалькімі незалежнымі суддзямі, якія пільна ставіліся б да захавання рэгламенту і правілаў практыкаванняў.
Новым відам спартакіяды працоўных калектываў сёлета стаў настольны тэніс – сярод мужчын і жанчын. І калі апошнія хутка разыгралі паміж сабой усе партыі, выявіўшы мацнейшых, то сярод першых напружаная барацьба ішла значна даўжэй. “Ракетку, не трымала ў руках са школьных гадоў, але, крыху патрэніраваўшыся, змагла абараніць гонар каманды. Урокі фізкультуры ў Вялікадолецкай школе пад кіраўніцтвам У.Лапіцкага не прайшлі дарэмна!” – прызналася Святлана Акулёнак з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якая заняла трэцяе месца. Другое заваявала Святлана Фядосенка з ДЮСШ, ну а перамога дасталася прадстаўніцы “Лясных азёр” Ільхаме Гасанавай. Сярод мужчын роўных не было Валерыю Гугіну з Ушацкай школы, на другім радку пратакола размясціўся Дзмітрый Раманоўскі з аб’яднанай каманды Дэпартамента аховы і рэдакцыі, трэцім стаў Раман Фядосенка з ДЮСШ.
Самая працяглая і бескампрамісная барацьба ішла ў турніры шашыстаў. Першынстваваў у ім Уладзімір Барысёнак з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, другім стаў Віталь Клімашэўскі з Ушацкай школы, трэцім – Ігар Шышко з райвыканкама. Дарэчы, у гэтым відзе выступаў самы ўзроставы ўдзельнік спаборніцтваў, прадстаўнік каманды цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Яўген Талалуеў, які атрымаў ад райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу спецыяльны прыз. Падарунак ад грамадскага аб’яднання ў намінацыі “За волю да перамогі” ўручаны Таццяне Бондаравай з ААТ “Ільюшынскі”, яна як кадравік не толькі арганізуе калег на ўдзел у падобных спаборніцтвах, але і сама становіцца актыўным членам каманды. У якасці суцяшальнага прыза набор для дартсу атрымаў удзельнік, які замкнуў выніковы пратакол у гэтым відзе – цяпер мужчына зможа “набраць форму” да наступных спаборніцтваў.
Разам са сваімі працаўнікамі адстойвалі гонар калектываў прадстаўнікі адміністрацыі. Дарэчы, сёлета за няўдзел хаця б у адным з відаў кіраўніка ці яго намесніка камандзе налічаўся штраф у 10 ачкоў. Пад такія “санкцыі” трапілі зборныя райбальніцы, райспажыўтаварыства, ЖКГ і раённага вузла электрасувязі.
Пасля невялікай паўзы каманды запрасілі на пастраенне для ўзнагароджання. Уладальнікі лепшых вынікаў у асабістым заліку ва ўсіх відах праграмы атрымалі медалі і граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гучнымі апладысментамі віталі прысутныя галоўных пераможцаў праграмы: першае месца ў агульнакамандным заліку заняла зборная Ушацкай ДЮСШ (з вынікам 27 ачкоў), другое – ва Ушацкай школы (37), трэцяе – у санаторыя “Лясныя азёры” (59,5).
Хочацца павіншаваць пераможцаў, якія фактычна не мелі сабе роўных – што і нядзіўна, бо спорт для іх – прафесія. Безумоўна, іх удзел у спаборніцтвах цалкам апраўданы, бо павышае ўзровень выступленняў, служыць арыенцірам для іншых каманд. Ды, разам з тым, у многіх відах прадстаўнікі спартыўнай галіны аказваюцца на парадак мацнейшымі за аматараў. А таму, мажліва, варта было б увесці для прафесіяналаў паніжаючы каэфіцыент ці вынесці іх выступленне па-за агульны залік – такое меркаванне давялося пачуць ад многіх удзельнікаў спартакіяды.
Напрыканцы сустрэчы арганізатары падзякавалі ўсім, хто прыняў удзел у відовішчным мерапрыемстве, і паабяцалі, што гэтая добрая традыцыя будзе працягнута ў наступным годзе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.