Славутыя землякі Піншчыны. Уладзімір Антонавіч Ралько

Источник материала:  
22.03.2018 — Разное
>

Славутыя землякі Піншчыны. Уладзімір Антонавіч РалькоУладзімір Антонавіч Ралько (1922–2006), гаспадарчы дзеяч, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1958, 1976), старшыня калгаса «Аснежыцкі» Пінскага раёна (1950–1992)

Уладзімір Антонавіч Ралько нарадзіўся 30 ліпеня 1922 года ў сяле Падарэссе Старадарожскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька — Антон Акімавіч Ралько, маці — Яфімія Яфімаўна, браты — Фёдар і Міхаіл. Пасля заканчэння школы (1938) Уладзімір Ралько паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут, але правучыўся нядоўга. У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную армію, на пачатку Вялікай Айчыннай вайны стаў курсантам Краснадарскага авіяцыйнага вучылішча.

З вясны 1942 года знаходзіўся на фронце ў якасці стралка-радыста цяжкага бамбавіка ТБ-3. Пры выкананні баявога задання ў пачатку лета 1942 года самалёт быў збіты над Крымам, экіпаж трапіў у палон. У. А. Ралько разам з іншымі членамі экіпажа апынуўся ў лагеры ў Ровенскай вобласці, адкуль яму ўдалосязбегчы. Пераадолеўшы нямала небяспек, у чэрвені 1942 года ён разам з таварышамі апынуўся на Беларускім Палессі, быў прыняты ў партызанскі атрад імя Варашылава (камандзір В. З. Корж) Пінскага партызанскага злучэння. Спачатку быў кулямётчыкам, затым — камандзірам аддзялення, узвода. У верасні 1942 года стаў сакратаромкамсамольскайарганізацыі атрада. Ваяваў у партызанскім атрадзе да ліпеня 1944 года.

Пасля вызвалення Беларусі У. А. Ралько працаваў загадчыкам зямельнага аддзела Пінскага райвыканкама. У 1950 годзе калгаснікі чатырох вёсак аб’ядналіся ў калгас імя Сталіна (у студзені 1963 г. перайменавалі ў «Аснежыцкі»). Уладзіміра Антонавіча абралі старшынёй, і на гэтай пасадзе ён працаваў на працягу 42 гадоў. Спачатку калгас быў вельмі слабы: мелася 25 кароў, некалькі дзясяткаў коней, дзве свінаматкі. Паступова справы сталі наладжвацца, пад кіраўніцтвам У. А. Ралько калгас ператварыўся ў буйное шматгаліновае прадпрыемства. На бедных палескіх землях у 1960–1980-я гады калгас атрымліваў устойлівыя ўраджаі збожжавых па 48–59 ц з гектара. На ўсю краіну «Аснежыцкі» славіўся сваімі поспехамі і ў жывёлагадоўлі: пагалоўе буйной рагатай жывёлы складала 12 тысяч, надоі малака ад каровы – 4,5 тысячы л у год.

За дасягнутыя поспехі калектыў калгаса «Аснежыцкі» ўзнагароджаны ордэнам Леніна (1966), а старшыня быў двойчы ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы (1958, 1976). У. А. Ралько ўзнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1958, 1971, 1976), ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1958), Чырвонай Зоркі, медалямi. Славуты старшыня абіраўся членам Брэсцкага абкама і ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1959–1963), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1966–1970, 1974–1984). Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна Брэсцкай вобласці (1998).

Выдатны кіраўнік У. А. Ралько выгадаваў цэлую плеяду Герояў Сацыялістычнай Працы. Сярод іх: Васіль Майсеевіч Гарошка, галоўны аграном калгаса «Аснежыцкі», затым старшыня вялікай гаспадаркі; жывёлаводы Людміла Мікалаеўна Журбіла, Любоў Ціханаўна Мазоль, Кацярына Парфір’еўна Ляснічая, Любоў Іванаўна Канановіч, Таісія Васільеўна Шпакоўская. 14 калгаснікаў былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна, 160 чалавек – іншымі ўзнагародамі.

У сваёй кнізе «Оснежицкий поиск» (1979) Уладзімір Антонавіч дзеліцца сакрэтамі поспеху: «…человеческой работой на земле и создается источник всех ценностей. В работе на земле растет и сам человек, формирует свой характер, мировоззрение, трудолюбие, честность — все те качества, которые и делают его человеком. …Успех сопутствует лишь тому, кто не жалея ни сил, ни времени работает на земле, настоятельно изучает и применяет на практике лучшие приемы агротехники для того, чтобы каждый гектар становился с каждым годом все плодороднее».

Пасля выхаду на пенсію У. А. Ралько жыў у Пінску. Яго сям’я: дачка Вольга, інжынер-хімік; сын Уладзімір, механік; унукі — Міхаіл i Уладзімір. Старэйшы ўнук У. А. Ралько, Уладзімір Пугач, вядомы беларускі музыкант, лідэр рок-гурта «J:Морс».

Уладзімір Антонавіч Ралько памёр 29 лістапада 2006 года. Пахавалі легендарнага старшыню на могілках вёскі Вішавічы побач з магілай жонкі, Веры Паўлаўны. У в. Аснежыцы ўсталяваны бюст У. А. Ралько (скульптар Іван Міско). У маi 2008 года ў Пінску на доме, дзе ён жыў (вул. Першамайская, 176), устаноўлена мемарыяльная дошка.

Чытайце таксама: 

←Школа бёрдвотчера распахнет свои двери 23 марта. Успей занять свободное место!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика