У цэнтры Брэста невядомы прымацаваў да аўто муляж выбухоўкі
Фота: virtualbrest.by
Адну з цэнтральных вуліцаў Брэста 21 сакавіка перакрывалі пасля паведамлення пра выбуховае прыстасаванне. Падрабязнасці інцыдэнту агенцтву БЕЛТА паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Ілля Помін.
Каля 10.40 у брэсцкую міліцыю затэлефанаваў мужчына і паведаміў, што на яго "Мерсэдэс" каля мясцовага ЦУМА прымацавалі выбуховае прыстасаванне. Паводле інфармацыі "Віртуальнага Брэста", аўтамабіль быў заклеены скотчам, а на ручках дзвярэй боўталіся нейкія драты.
Па выкліку неадкладна выбыла сапёрна-піратэхнічная група. Месца здарэння было ачэпленае. Спецыялісты не знайшлі выбухоўкі пры аглядзе машыны. Выявілася, што хтосьці прымацаваў да аўто муляж выбуховага прыстасавання.
Цяпер супрацоўнікі праваахоўных органаў высвятляюць абставіны здарэння і асобаў, якія маюць дачыненне да гэтага інцыдэнту.