ПРА ШТО ПІСАЛА «БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА» 20 гадоў таму назад (сакавік 1998-га)

Источник материала:  
21.03.2018 — Разное

ПАЧАЛІСЯ ЭКЗАМЕНЫ

У гаспадарках закончылася зімовая вучоба работнікаў масавых прафесій. Як адзначылі ва ўпраўленні райсельгасхарча, на экзаменах механізатары паказалі неблагія веды па рэгуліроўцы агрэгатаў, тэхналогіі апрацоўкі зямлі і тэхніцы бяспекі, а даяркам добрыя адзнакі, з улікам вытворчых паказчыкаў, далі магчымасць павысіць класнасць, ад якой залежыць зарплата.

ДАДАТКОВАГА РЭЙСА НЕ БУДЗЕ

У рэдакцыю і ў АТП № 18 звярнулася група жыхароў Слабодкі з просьбай адкрыць дадатковы рэйс Слабодка — Браслаў з прыбыццём аўтобуса ў райцэнтр у 7.30. Просьба не засталася без увагі. З 2 па 13 сакавіка аўтапарк па ўказаным маршруце пусціў аўтобус для вывучэння пасажырапатоку і за 10 дзён работы панёс 1,26 млн руб. страт. Адмоўны фінансавы вынік не дазваляе адкрыць рэйс.

ЗА ЎЖЫВАННЕ НАРКОТЫКАЎ — У КАЛОНІЮ

У міліцэйскіх зводках не раз паведамлялася пра з’яўленне на Браслаўшчыне наркаманаў. Справу аднаго з іх нядаўна разглядаў суд. Малады чалавек раз-пораз рабіў ваяжы па агародах суседзяў у пошуках маку, варыў з яго опій і ўжываў наркотык. За гэта і атрымаў год пазбаўлення волі ў калоніі. Можа, цяпер многія агароднікі зразумеюць, чаму забараняецца вырошчваць мак.

ПЕРШЫ РАЗ — У ПЕРШЫ КЛАС

У канцэпцыі новай школьнай рэформы прадугледжаны 12-гадовы тэрмін навучання, які пачынаецца з шасцігадовага ўзросту вучняў. Міністэрства адукацыі прыняло рашэнне ўвесці з восені 1998 года ў структуру пачатковага навучання падрыхтоўчы клас. У ім будуць вучыцца дзеці з 6 да 7 гадоў. А наступныя 1, 2 і 3-ці класы завершаць пачатковы цыкл навучання.

СКЛАДЗЕНЫ ПРАТАКОЛЫ

Тры дні ў друйскай акрузе РАУС ажыццяўляў праверку выканання дзеючага заканадаўства мясцовымі жыхарамі, у выніку чаго складзены 92 пратаколы. У тым ліку 3 чалавекі выкрыты ў незаконным гандлі разведзеным спіртам, 7 грамадзян у адміністрацыйным парадку пакараны за выраб і захоўванне самагону, супраць аднаго гандляра сівухай узбуджана крымінальная справа.

ДА ЎВАГІ АБАНЕНТАЎ

Браслаўскі РВЭС даводзіць да ведама, што ў выніку неаплаты запазычанасці за паслугі сувязі да 25 сакавіка 1998 года абаненты будуць адключаны без папярэджання. Прозвішчы тых, хто не разлічыўся своечасова, і прозвішчы кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, калгасаў і саўгасаўаўжнікоў будуць надрукаваны ў раённай газеце, а матэрыялы накіраваны ў суд.

ВЫВАЗУ МЯСА — ЗАСЛОН

У апошні час аб’ёмы вывазу за мяжу перакупшчыкамі ды камерсантамі буйной рагатай жывёлы ўзраслі ў 3-4 разы, што адмоўна адбіваецца на забеспячэнні мясам і мясапрадуктамі насельніцтва раёна. Асобныя жыхары з Плюскага і Мяжанскага сельсаветаў за мінулы год вывезлі амаль што па 20 галоў кожны. Каб не паўтараліся такія выпадкі, у раёне будуць выстаўлены міліцэйскія пасты.

СЕРТЫФІКАЦЫЯ ПАЛЯЎНІЧАЙ ЗБРОІ

Рашэнне аб сертыфікацыі гладкаствольнай паляўнічай зброі прыняло Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі. Гэта значыць, што 686 браслаўчан, якія з’яўляюцца членамі таварыства паляўнічых і рыбаловаў і маюць стрэльбы, абавязаны іх сертыфікаваць у Мінску. Інакш яны пры перарэгістрацыі не атрымаюць дазволу на захоўванне зброі, а таксама не змогуць яе прадаць.

НА «ЛЕТНІ» ЧАС

Служба часу Дзяржстандарта паведамляе, што ў адпаведнасці з Пастановай Кабінета Міністраў Беларусі № 317 «Аб змяненні парадку вылічэння часу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» 29 сакавіка 1998 года ў 2 гадзіны будзе ажыццёўлены пераход на «летні» час пераводам стрэлак гадзінніка на адну гадзіну наперад.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.

←Из-за следственного эксперимента вечером 21 марта на улице Веры Хоружей ограничат движение

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика