Медсястра вышэйшай катэгорыі Докшыцкай ЦРБ Ларыса Курдзека ў сістэме аховы здароўя раёна працуе трыццаць гадоў. Колісь у выпускніцы Полацкага медвучылішча была магчымасць размеркавацца і ў адзін з нарачанскіх санаторыяў ці ў суседні райцэнтр, аднак яна не спакусілася на прапановы і вярнулася на малую радзіму, пра што ніколі не пашкадавала. На Докшыччыне склаўся яе прафесійны і жаночы лёс, тут нарадзіліся прыгажуні-дачушкі і ўнучык, тут рукой падаць да Валодзек, дзе яе сям’ю заўжды чакаюць у бацькоўскай хаце.
А тады, у канцы 80-х, Ларыса Курдзека пачынала наталяць прагу практычных медыцынскіх ведаў на ФАПе ў Замасточчы. Потым маладога спецыяліста ўзялі ў дзіцячае аддзяленне ЦРБ, дзе з цягам часу яна стала старэйшай медсястрой, гэту ж пасаду займала і ў тэрапеўтычным аддзяленні. Пра свае гады работы з маленькімі пацыентамі Ларыса Аляксандраўна прыгадвае з асаблівай цеплынёй:
– Вельмі люблю дзяцей, і кантактаваць з імі для мяне было ў задавальненне. З малымі можна было пагутарыць пра рознае, пачуць шчыры “дзякуй” за ўкол, які не баліць. Яны маглі злавацца, але і сябраваць, хітравалі, смяшылі. Потым, у час сустрэчы са сваімі былымі пацыентамі ў горадзе, было прыемна, калі яны віталіся, а значыць, памяталі.
Вось ужо трынаццаты год, як дасведчаную і вельмі адказную медсястру Ларысу Курдзека перавялі на іншы, не менш складаны ўчастак: яна адказвае за лекавае забеспячэнне ўсёй сеткі ЦРБ. Штодня за медыкаментамі прыязджаюць з участковых бальніц, амбулаторый, ФАПаў, дзіцячых садкоў і школ. Больш за дзесяць гадоў Ларыса Аляксандраўна самастойна атрымлівала паўтысячы найменняў лекаў і вырабаў медыцынскага прызначэння ў абласным цэнтры, зараз УП “Фармацыя” ўжо дастаўляе іх да райцэнтраў. Трэба дакладна разлічыць патрэбу, зрабіць заяву, атрымаць лекі, паставіць іх на электронны ўлік, выдаць і зноў жа зняць з уліку. Здаецца, руціна, ды суразмоўца так не лічыць. І нібы ў пацвярджэнне яе слоў адначасова пачынаюць тэлефанаваць мабільны і гарадскі тэлефоны. Медсястра адказвае па чарзе: “Так, прэпарат ёсць, прыязджайце”. І так на працягу дня.
Сёння сярод прозвішчаў сваіх першых дарадцаў і тых, на чыю работу заўжды раўнялася, Ларыса Аляксандраўна называе галоўную медсястру ЦРБ Таццяну Каляда, якая з’яўляецца вялікім прафесіяналам, патрабавальным, але вельмі добрым чалавекам. Менавіта без гэтых якасцей, лічыць суразмоўца, медыку ў прафесіі не адбыцца.
Партрэт адной з лепшых медсясцёр ЦРБ не будзе поўным без яшчэ аднаго штрыха. Ларыса Аляксандраўна – прагны аматар кніг. Перавагу аддае класічным творам і духоўнай літаратуры. Гартаючы старонкі, яна знаходзіць супакаенне, а паглыбляючыся ў сюжэтныя скрыжалі, адпачывае.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.