Раней пры слове “бізнес-лэдзі” адразу паўставаў вобраз жыхаркі вялікага мегаполіса, якая днюе і начуе ў сваім офісе ці ездзіць па камандзіроўках, у галаве якой толькі работа, а асабістае жыццё яна даўно схавала за сямю дзвярамі. Нашыя ж палескія бізнес-лэдзі паспяваюць усё: і гадаваць дзяцей, і кар’еру ладзіць.
Адна з такіх – Алёна Аляксееўна Кардаш з аграгарадка Вялікае Малешава – пераможца раённага конкурсу «Малады чалавек года» ў галіне прадпрымальніцтва. Алёна – дырэктар прыватнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Максеммілк», якое з’яўляецца даччыным сялянскай фермерскай гаспадаркі «Опыт КАА».
На маёй памяці Алёна – першая жанчына-пераможца ў гэтай намінацыі. А яшчэ яна – цудоўная жонка і маці траіх дзяцей.
– Як жа ўдаецца сумяшчаць кар’еру і сям’ю? – адно з самых першых пытанняў.
– А я не гавару, што гэта лёгка, – шчыра прызнаецца Алёна. – Тут проста неабходна падтрымка блізкіх людзей, інакш не атрымаецца. І я вельмі рада, што яна ў мяне ёсць. Гэта мае бацькі, мой муж, браты з сёстрамі. Мая сям’я – маё багацце.
– Наколькі ведаю, вы працуеце ў фермерскай гаспадарцы, заснавальнікам якой з’яўляецца ваш бацька Аляксей Аляксеевіч Копец. Пэўна, тут ёсць свае плюсы?
– Вы не паверыце, але, каб стаць дырэктарам “Максеммілка”, мне давялося добра пастарацца і даказаць, што я варта займаць гэтую пасаду. Бацька ў мяне чалавек строгі і працаваць з ім трэба альбо добра, альбо ніяк. Так ён мне і сказаў, таму я ведала, на што ішла. Увогуле, мой бацька – прыклад для мяне. І як чалавек, і як кіраўнік. Ён сам звык працаваць з малых гадоў, ведае цану кавалку хлеба. І нас навучыў з павагай ставіцца да працы. Мы ўсе ганарымся ім і ўдзячны за тое, што ён для нас зрабіў. Хоць бачылі яго не часта, бо ён з ранку да вечара працаваў, але заўсёды адчувалі яго любоў і клопат. А які ён пяшчотны з унукамі, гэта трэба бачыць!
Школу Алёна закончыла з залатым медалём і адразу паступіла ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на кафедру эканомікі і кіравання на прадпрыемстве. Праўда, спачатку хацела на банкаўскую справу падаць дакументы, але, параіўшыся з бацькамі, выбрала другі варыянт.
– Зараз моладзь імкнецца паехаць у горад. Маўляў, там больш перспектыў. Ці не было ў вас такіх планаў?
– Безумоўна, гутарка такая вялася. Але калі паехала вучыцца, зразумела, што не прывыкну жыць далёка ад сваіх родных. Я вельмі сумавала. Ужо не кажучы, што прыйшлося б толькі некалькі разоў на год бачыцца. Таму было вырашана застацца ў Вялікім Малешаве, пачалі будаваць дом. Тым больш, што ў мяне ёсць магчымасць працаваць тут і ў любую хвіліну завітаць да бацькоў, пабачыцца з сябрамі. Гэта для мяне важна.
Праз год Алёна выйшла замуж за мясцовага хлопца Васіля, які, да таго ж, быў яе суседам. Цудоўны хлопец, для сваёй жонкі заўсёды з’яўляецца надзейнай апорай. У сям’і нарадзіўся Аляксей, а праз два гады Таццянка.
– Нарадзілася Таццянка, а мне праз два тыдні на сесію, – успамінае Алёна. – Параіліся з мужам і вырашылі ехаць у Пінск з дачушкай. Паміж заняткамі бегала да іх. Вельмі мне дапамагаў мой муж, цярпліва чакаў мяне з універсітэта. Пашанцавала з гаспадыняй, у якой мы здымалі кватэру. Яна таксама мяне падтрымлівала і казала, каб ніколі не здавалася перад цяжкасцямі. Для мяне гэта таксама было вельмі патрэбна. Таму сесію здала без асаблівых праблем.
Калі атрымала дыплом эканаміста-менеджара, часу адпачываць не было. Якраз тады ішла размова аб адкрыцці “Максеммілка”. Бацька пазваніў і сказаў, каб я была ў 8.00 гадзін на рабоце. Так і пачалася мая працоўная дзейнасць. Безумоўна, даводзілася прымаць самастойныя рашэнні, многаму вучылася на хаду. Тут памылак не павінна быць, інакш работа ўсяго прадпрыемства пад адхон пойдзе. Неаднойчы затрымлівалася, калі трэба было разабрацца са стосам розных папер. Падтрымлівалі старэйшыя калегі. “Максеммілк” мае тэндэнцыю да развіцця. У мінулым годзе дзяржаве рэалізавана 2200 тон малака класа “экстра”, а таксама 280 тон мяса. У чэрвені плануецца запусціць яшчэ адну лінію, якая ўжо ўсталявана. Павялічыцца колькасць рабочых месцаў – з 30 да 50 чалавек. Усе нашы работнікі – адказныя, бо ведаюць, што ад работы залежыць канчатковы вынік.
Сваіх дзяцей я аддала ў дзіцячы садок у два з паловай гады. Калі хварэлі ці даводзілася затрымлівацца на рабоце, то маці дапамагала. Яна ў мяне – залатая жанчына. Разважлівая, на ўсе пытанні ведае адказы. Нас гадавала так, каб мы цанілі тое, што ў душы чалавека. Усё робіцца па волі Божай, часта казала яна, таму кожны дзень трэба пачынаць і заканчваць малітвай.Сама яна нідзе не вучылася, а вось нас заўсёды нацэльвала на тое, каб мы атрымалі адукацыю. Самы старэйшы Уладзімір закончыў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і зараз адказвае за ўсю тэхніку ў гаспадарцы. Там жа вучыцца малодшы брат Аляксей. Сястра Таццяна выйшла замуж і жыве ў Альшанах, атрымлівае спецыяльнасць у Мінскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Самай малодшай з нас – Марыі – толькі 16 гадоў.
Маці для кожнага з нас знаходзіла патрэбныя словы. А колькі слушных парад яна мне дала! Кланяюся ёй да зямлі. Як і ўдзячна свайму мужу. Калі ў мяне няма настрою, ён са сваім пачуццём гумару адразу прымусіць мяне ўсміхнуцца. Да таго ж гаспадар цудоўны. Я нават здзіўляюся, як ён паспявае з усім спраўляцца. Дзеці яго заўсёды чакаюць і які б ён не быў стомлены – знаходзіць час для іх.
Тым часам Алёна заспяшалася ў суседні пакой, адкуль з’явілася са сваім малодшым сыночкам Мікалаем, трымаючы яго на руках. Сёлета яму споўніцца годзік. Падбег да маці гарэзлівы першакласнік Аляксей, а праз некалькі хвілін у дом зайшлі муж з Таццянкай. І хоць давялося пастарацца Алёне, каб усіх сабраць для фотаздымка, я бачыла, наколькі шчаслівая яна ў гэтую хвіліну. Быццам з вокладкі часопіса: прывабная і стыльная.
– Алёна, вы цудоўна выглядаеце. Як усё паспяваеце?
– Зараз працягваю працаваць на палову стаўкі. Часта тэлефануюць, таму я ў курсе спраў. І мне гэта падабаецца. Думаю, справа ў маім характары. Калі ўсё не дараблю, не супакоюся. Здаецца, што зробіцца з тым посудам, які застаўся пасля вячэры? Але пакуль не перамыю, спаць не лягу. Устаю на досвітку, каб дзяцей уладкаваць і снеданне прыгатаваць. Заўсёды знаходжу час для сябе. Упэўнена, жанчына заўсёды павінна заставацца жанчынай, нават калі ў яе мільён спраў…
Ганна МЕЛЬНІК