Быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны, паважаць яе гісторыю і ўносіць дастойны ўклад у сучаснасць. Усяму гэтаму вучыць нас Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – асноўны закон нашай дзяржавы. Урачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў і білетаў ГА “БРСМ”, прысвечаная Дню Канстытуцыі, прайшла ў рамках рэспубліканскай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» ў кінатэатры “Вясёлка”.
— На прыкладзе нашай Кобрыншчыны мы заўважаем, што сёння ў нашай краіне ёсць усе магчымасці для ўсебаковага развіцця, адукацыі, працы, адпачынку і рэалізацыі сваіх здольнасцяў, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Усё гэта мы маем дзякуючы выдатнай прававой базе, якая дае магчымасць развівацца грамадству. На нашых вачах падрастае маладое пакаленне, якое хутка будзе насіць гордае званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і ў чыіх руках будучыня нашай краіны.
Адзін за другім на сцэну выходзілі дзеці — пераможцы прадметных алімпіяд, спартсмены, артысты, выдатнікі вучобы і проста юнакі і дзяўчаты, якія зусім хутка зробяць свае першыя крокі ў самастойнае жыццё. Як адзначыла першы сакратар Кобрынскага РК ГА “БРСМ” Марына Палявода, ужо сёння яны дэманструюць жаданне самаўдасканальвацца, праяўляюць лідарскія якасці, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Усяго ў гэты дзень свае першыя пашпарты, членскія білеты ГА “БРСМ”, а таксама кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і памятныя сувеніры былі ўручаны 56 юнакам і дзяўчатам раёна. Як адзначылі юныя грамадзяне, для іх гэты дзень стаў сапраўдным святам і стартам у новы жыццёвы этап. Святочнай атмасферы дадалі выступленні таленавітых калектываў Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства праглядам фільма “Рубеж”, прысвечанага падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: юныя кабрынчане – удзельнікі ўрачыстай цырымоніі.