Мясціны, падзеі і асобы БНР у Берасці. Частка другая - фото
Берасцейскія краязнаўцы Ірына Лаўроўская і Ігар Бараноўскі працягваюць знаёміць аматараў гісторыі з месцамі, асобамі і падзеямі, якія датычаць Беларускай Народнай Рэспублікі ў родным горадзе. Гэтым разам яны апавядаюць пра войска БНР і берасцейскі след генерала Станіслава Булак-Балаховіча.
Кажа Ігар Бараноўскі: Мы знаходзімся на тэрыторыі колішняга Паўночнага гарадка. Як звазана яно з гісторыяй БНР? Вядома, што ў Берасці ў 20-м годзе, у гэтыя веснавыя сакавіцкія дні, з Дзвінска, цяперашняга Даўгаўпілса, быў перадыслакаваны асобны атрад БНР, якім кіраваў Станіслаў Булак-Балаховіч, каля 700 чалавек. Гэтыя месцы называліся тады “Чырвоныя казармы”, за ¾ вярсты ад форта „Граф Берг”.
Ахоўная шыльда Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на адной з казармаў.
Тут было вярбовачнае бюро генерала Балаховіча ў войска, якое, канешне ж, было ўзята на ўтрыманне Пілсудскага, таму што, на жаль, урад БНР не здолеў знайсці сродкі на ўтрыманне свайго войска, і Балаховіч проста знайшоў для сябе, як вайсковец, такое вырашэнне. Тут ён бараніў ад бальшавікоў участак на Бугу, у раёне Владавы, Дамачава. Адсюль пачаўся яго рух 1920 года праз Палессе, ён заняў Пінск. У лістападзе ў раёне Лунінца ён сканцэнтраваў свае войскі і адтуль пачаў наступ на занятую бальшавікамі савецкую Беларусь, Мазыршчыну, Гомельшчыну, дзе 7 лістапада даў абяцанне змагацца за вызваленне Беларусі ад бальшавікоў, а 12 лістапада нанова трэці раз абвясціў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Хто ведае, можа быць, гэта была адна з найбольш рэальных спробаў усталявання беларускай улады на беларускіх тэрыторыях? Вядома, што былі жаўнеры розныя: расейцы, казакі, украінцы з сумежнай тэрыторыі Валыні атамана Іскры, ну і было, канешне ж, нямала беларусаў з розных рэгіёнаў: і з Падляшша, і з Палесся, і з Меншчыны, і з ягонай роднай старонкі, з раёна Відзаў, Браслаўшчыны, дзе Балаховіч нарадзіўся. Тут адбыўся канфлікт, каму падпарадкоўвацца: “савінкаўцам”, генералу Глазінапу, расейскаму царскаму, ці генералу Балаховічу, беларусу. Беларусы больш давяралі свайму чалавеку. Канфлікт на тэрыторыі гэтага гарадка адбыўся ў 20–м годзе, меў сур’ёзны розгалас і разборкі нават дайшлі да Варшавы.
Чырвоныя казармы ХІХ стагоддзя, пазней вядомыя як Паўночны гарадок. Тут у 1920-я гады размяшчаўся асабовы склад вайсковых злучэнняў генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Цяпер тут месцяцца Суд Берасцейскага раёна, бібліятэка-філіял №3 імя Янкі Купалы, “Брэстгартранс”, гатэль “Граеўскае прадмесце”, цэнтр занятасці і нават абласны наркалагічны дыспансер.
Ірына Лаўроўская: Гэта форт „Граф Берг”. У гэтым форце таксама была дыслакацыя войска Булак-Балаховіча. Безумоўна, яны перасоўваліся, у іх былі нейкія вучэнні. Гэта вельмі вялікі аб’ект, на жаль, ён зараз знаходзіцца на тэрыторыі мясакамбіната і туды наўпроставага доступу няма.
Панарама тэрыторыі Берасцейскага мясакамбіната. На заднім плане – форт “Граф Берг”, куды ў 1920-я прыбыў асобны атрад БНР Станіслава Булак-Балаховіча на перафармаванне.
Ігар Бараноўскі: Балаховіч стварыў у Эстоніі асобны атрад з беларусаў, і гэты асобны атрад БНР ваяваў за незалежнасць Эстоніі, потым рэйдам дайшоў да Дзвінска, а ўжо з Дзвінска трапіў сюды, у Берасце, у Берасцейскую крэпасць, на перафарматаванне. Ёсць знакамітыя фотаздымкі 20-х гадоў, калі Балаховіч з жонкай і яго ардынарац фатаграфаваліся на гэтых узгорках каля форта „Берг”. Берасце раўніннае, і ўзгорак гэты – вельмі дзіўнае месца. Панарама, дзе мы стаім зараз, за мясакамбінатам цяперашнім, дзесці тут, напэўна, ездзіў Булак-Балаховіч на пачатку 20-х гадоў.
Узгоркі форта “Граф Берг”, дзе, праўдападобна, былі зроблены фотаздымкі генерала Булак-Балаховіча.
Стаім на балахоўскіх могілках, афіцыйна яны называюцца “Вайсковыя могілкі 1920 года”. У савецкія часы яна былі закінутыя і занядбаныя, тут была сметніца, многія пліты былі паваленыя. Месца знаходзіцца недалёка ад форта „Берг”, частка гаражоў знаходзіцца на могілках. Тое, што мы бачым, удалося ўратаваць на пачатку 90-х гадоў.
Балахоўскія могілкі, альбо “Воінскае пахаванне ХХ стагоддзя” ў мікрараёне Рэчыца, дзе сярод пахаванняў ёсць і магілы жаўнераў з групы генерала Булак-Балаховіча. Цяпер ахоўваюцца дзяржавай. Напачатку 2000-х сіламі грамадзянскай супольнасці тут былі ўсталяваныя дзве памятныя шыльды з надпісамі: “Яны ішлі паміраць за волю Бацькаўшчыны” і “Тут спачываюць беларускія жаўнеры войска генерала Станіслава Булак-Балаховіча”.
Прыязджалі з Таварыства аховы помнікаў з Польшчы, з Белай Падляшскай. Тут пахаваны, канешне ж, і з польскіх фармаванняў, але шмат на помніках было напісана “GRUP. GEN. BAŁACHOWICZA”. Па нашых падліках, тут пахавана разам з братэрскімі пахаваннямі, якія захаваліся, каля 500 чалавек. Мой былы школьны настаўнік Ян Янавіч Кандрацюк казаў: “Тут жа беларусы, балахоўцы пахаваны, гэта нашая супольная гісторыя – беларусаў і палякаў”.
У 2000-ыя паўстаў помнік, што тут спачываюць жаўнеры войска генерала Булак-Балаховіча. Калі мы апісвалі пліты, хто пахаваны, то звярнулі ўвагу, што там, дзе напісана на помніку, што жаўнер з групы Булак-Балаховіча, найболш пашкоджаныя помнікі, і гэта, відавочна, камусьці не падабалася, імкнуліся разбіць, выбіць з гэтых плітаў, каб следу не захавалася, што тут былі балахоўцы.
Узгадваючы генерала Станіслава Балаховіча, дарэчы, яго брата, Язэпа Балаховіча, у Берасці, можна сказаць, яны бывалі вельмі часта. Не толькі ў крэпасці, але і ў самім горадзе. У час змагання за Беларусь і пазней нават, у 20-я – 30-я гады. Адным з такіх месцаў, дзе Балаховіч быў у Берасці, можна назваць будынак былой жаночай гімназіі, пазней ён стаў кінатэатрам “Adria”, у савецкі час – кінатэатрам “1 Мая”. Тут 7 чэрвеня 1932 года Балаховіч спрабаваў выступаць перад мясцовым насельніцтвам. Мясцовы камсамольскі актыў паспрабаваў гэты выступ сарваць, такі прэцэдэнт меў месца. Адна з такіх знакавых сустрэч у Берасці генерала Балаховіча, адно з памятных месцаў, якое звязанае з ім уласна ў нашым горадзе.
Колішні кінатэатр «ADRIA», вядомы ў савецкія часы як кінатэатр “1 мая” на цяперашняй вуліцы Савецкай у Берасці. Тут у 1932 годзе генерал Булак-Балаховіч выступаў перад гараджанамі.
“Натуральна, засталося яшчэ шмат белых плямаў па гісторыі горада тагачаснага перыяду, у тым ліку і па асобе Булак-Балаховіча і войска БНР. Таму, як кажуць, у гэтым кірунку трэба яшчэ капаць і капаць”, – зазначыў Ігар Бараноўскі.