Крымінальная версія гібелі дзяўчынкі на Дзвіне ў Наваполацку не пацвердзілася
Рака Заходняя Дзвіна ў Наваполацку. Фота: БЕЛТА
Следчыя не пацвердзілі крымінальную версію гібелі 10-гадовай дзяўчынкі на Заходняй Дзвіне ў Наваполацку. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Святлану Сахараву, няма падставаў для распачынання крымінальнай справы аб забойстве.
Следчыя высветлілі, што 6 сакавіка на бераг ракі прыходзілі дзве дзяўчынкі — 12 і 10 гадоў. Малодшая дзяўчынка правалілася пад тонкі лёд і патанула, старэйшая спрабавала яе ўратаваць. Да берага ракі вялі дзве сцежкі слядоў, а гісторыя з трэцяй дзяўчынкай была выдуманая 12-гадовай школьніцай, каб бацькі не даведаліся пра прагулку да ракі.
Паказанні сведкаў таксама гавораць пра тое, што дзяўчынак было дзве і здарыўся няшчасны выпадак. Старэйшая з дзяўчынак пакуль знаходзіцца ў лякарні. Праверка гэтага інцыдэнту працягваецца.