У Мінску работнік лагістычнай кампаніі атрымаў таксічнае атручванне
Фота: 112.by
У Мінску работнік лагістычнай кампаніі атрымаў таксічнае атручванне, яго шпіталізавалі. Як інфармуе прэс-служба МНС, здарэнне адбылося 5 сакавіка падчас сартавання зборнага грузу з транспартнага кантэйнера. Была пашкоджаная шкляная ёмістасць аб’ёмам 0,7 літры ў пасылцы з дыметылсульфатам (дыметылавым эфірам сернай кіслаты). Адзін з работнікаў пасля заканчэння працоўнага дня самастойна звярнуўся ў Бальніцу хуткай меддапамогі. Яго стан здавальняючы. 6 сакавіка па дапамогу да лекараў звярнуліся яшчэ трое работнікаў кампаніі, але ім шпіталізацыя не спатрэбілася.
Каля 14-й гадзіны ў аўторак склад па Ліпкоўскай вуліцы наведалі ратавальнікі. Яны і высветлілі, што ж насамрэч адбылося напярэдадні. Супрацоўнікі МНС сабралі пралітую вадкасць і іншыя матэрыялы, на якія яна патрапіла. Адзначаецца, што пагрозы для работнікаў кампаніі няма.