Экіпаж міліцыі трапіў пад цягнік пад Добрушам
Фота: БЕЛТА
Трагічная аўтааварыя адбылася ўвечары 3 сакавіка каля вёскі Чырвоная Буда Добрушскага раёна.
На нерэгуляваным чыгуначным пераездзе міліцэйскі аўтамабіль трапіў пад цягнік, піша tut.by. У аўтамабілі былі чатыры міліцыянты і затрыманы мясцовы жыхар.
Пры ДТЗ адзін з супрацоўнікаў міліцыі ад траўмаў памёр на месцы, другога давялося шпіталізаваць у рэанімацыйнае аддзяленне лякарні — ён у цяжкім стане. Яму спатрэбяцца некалькі складаных аперацыяў. Трэці міліцыянт шпіталізаваны ў аддзяленне хірургіі. Пацярпеў таксама і затрыманы мясцовы жыхар: у яго ўдар сцягна.
Загінуламу міліцыянту, як паведамляецца, было 32 гады. У яго засталіся жонка і двое дзяцей. Пахаванне загінулага пройдзе ў Добрушы 5 сакавіка.
Паводле звестак у СМІ, міліцэйскі нарад выязджаў у адну з вёсак раёна, дзе адбылася п'яная бойка. Пры гэтым яны затрымалі мясцовага жыхара, якога везлі на медыцынскі агляд.
ДТЗ адбылося падчас жудасных умоваў надвор'я: завіруха, вецер, снежныя заносы, фактычна нулявая бачнасць.
Загінулы міліцыянт быў за рулём. Цяжкія траўмы атрымаў яго калега, які сядзеў на пярэднім пасажырскім месцы.