За напад на сямейную пару ў Кобрыне затрымалі 19-гадовага навучэнца
Фота: pixabay.com
У Кобрыне 23 лютага затрымалі 19-гадовага навучэнца адной з навучальных устаноў горада. Яго падазраюць у забойстве цяжарнай жанчыны, піша tut.by са словаў афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Іванюка.
Хлопец знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Яго ўжо дапыталі. Як паведаміў Іванюк, праводзяцца таксама экспертныя даследаванні, каб атрымаць доказы дачынення затрыманага да злачынства.
Як паведамлялася раней, злачынства адбылося 11 лютага. На адной з кобрынскіх вуліцаў каля 20.30 невядомы напаў з нажом на сямейную пару. Ён нанёс некалькі ўдараў нажом жанчыне і яе 39-гадоваму мужу.
Паведамлялася, што загінулая пры нападзе 31-гадовая жанчына была цяжарнай. Яе муж выжыў, але дагэтуль знаходзіцца ў лякарні. Яго стан стабілізаваўся, пагрозы жыцця няма.
Матыў нападу студэнта на сямейную пару яшчэ высвятляецца. Мяркуецца, што нападнік быў знаёмы з ахвярамі, і напад не быў спантанным.
На след меркаванага злачынца следчыя выйшлі дзякуючы паказанням, атрыманым ад пацярпелага.