Бліжэйшая ноч — самая халодная ў гэтым годзе: слупок тэрмометра апусціцца да -29
Фота: Intex-press
Раніцай у панядзелак 26 лютага на тэрмометры ў Мінску значылася -20. Але, распавядае начальнік аддзела кароткатэрміновых прагнозаў Белгідрамета Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі, у ноч на аўторак 27 лютага чакаецца тэмпературны пік: у паўночных раёнах Беларусі будзе ад -25 да -29, у Мінску — да - 22.
"У сераду тэмпература панізіцца да -23 на поўначы краіны, але будзе яшчэ дастаткова холадна", — кажа сіноптык. Па яго словах, гэта першыя значныя маразы гэтай зімой, але тэмпературны рэкорд яны не пабілі: у ноч на 1 лютага 1956 года ў Беларусі быў зафіксаваны 41 градус марозу.
Аслабленне маразоў прыйдзе бліжэй да канца працоўнага тыдня:
"Прагназуюцца ападкі ў выглядзе снегу. Маразы будуць не такімі моцнымі. Уначы — ад 10 да 16 марозу, удзень — -3 -9. То бок, будзе больш камфортна", — працягвае сіноптык.
Праўда, заўважае Аляксандр Бяганскі, такі тэмпературны фон ніжэйшы за кліматычную норму, характэрную для канца лютага — пачатку сакавіка.
Больш падрабязна пра надвор'е пачатку вясны будзем размаўляць у жывым эфіры Еўрарадыё 28 лютага ў 14.00. Далучайцеся!