У Пінскім раёне ДАІ зладзіла пагоню за п’яным кіроўцам — стралялі па колах
Фота: gaibrest.by
У Пінскім раёне ДАІ ганялася за п’яным кіроўцам, які не падпарадкаваўся патрабаванню спыніцца і ствараў небяспеку руху. Здарэнне адбылося ў ноч на 24 лютага: інспектары атрымалі інфармацыю, што ў кірунку вёскі Пасенічы рухаецца аўтамабіль “Форд Сіера”, кіроўца якога, магчыма, знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення.
Супрацоўнікі ДАІ хутка заўважылі гэты аўтамабіль і падалі кіроўцу сігнал спыніцца, які быў праігнараваны. Шафёр не зрэагаваў і на далейшыя патрабаванні спыніць рух. Ён ехаў на высокай хуткасці па трасе М-10 Кобрын-Пінск-Гомель.
Каб спыніць парушальніка, праваахоўнікі адкрылі агонь па колах машыны. Адна з куляў прабіла задняе кола і аўтамабіль нарэшце спыніўся ля вёскі Аснежыцы.
Парушальнік — 27-гадовы жыхар аграгарадка Парахонск. Яго праверылі на алкаголь — канцэнтрацыя пароў этылавага спірту ў паветры на выдыху склала 1,73%.
На кіроўцу склалі адразу некалькі адміністратыўных пратаколаў, паведамляе прэс-служба Брэсцкай абласной ДАІ.