У Крупскім раёне мужчына абакраў царкву, каб было на што выпіць
Фота: uvd-mo.gov.by
У пасёлку Бобр Крупскага раёна ў ноч з 5 на 6 лютага невядомы абакраў праваслаўную царкву, паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама.
6 лютага ў 6.30 раніцы да крупскіх міліцыянтаў звярнуўся настаяцель храма, які паведаміў пра злачынства. Калі ён прыйшоў зранку ў царкву, то пабачыў выбітую аконную шыбу, пад ім утаптаныя сляды. Вакол будынка былі раскіданыя царкоўныя рэчы і будаўнічыя інструменты.
На месца здарэння неадкладна выбылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, міліцэйскія нарады, следча-аператыўная група. Па слядах, які пакінуў невядомы пусцілі службовую аўчарку Герду. Аўчарка ўзяла след, але ён згубіўся каля першай жа буйной дарогі.
Тым часам крыміналістам паступіла інфармацыя, што каля аднаго з дамоў пасёлка заўважылі падазронага прыезджага мужчыну з сумкамі. Аператыўнікі прыбылі на названае месца, але незнаёмца там не было. Затое знайшліся яго сляды — такія ж як у царкве.
На гэты раз службовы сабака ўзяў след, і ў полі за пасёлкам міліцыянты заўважылі фігуру чалавека з цяжкай паклажай. Мужчына ішоў у бок суседняй вёсцы Пліса. Калі яго затрымалі, то знайшлі ў сумцы скрадзеныя рэчы — царкоўныя рэчы і будаўнічыя інструменты.
Пасля затрымання 26-гадовы мужчына распавёў аператыўнікам, што крадзенае хацеў прадаць з рук. Грошы яму былі патрэбныя ў тым ліку на куплю спіртнога. Царкву ён вырашыў абакрасці, бо меркаваў, што яе ніхто не ахоўвае.
Малады чалавек нідзе не працаваў, раней ужо быў судзімы за крадзеж. На мужчыну пачалі крымінальную справу.
Дарэчы, царкву ў Бабры размалёўваў вядомы мастак Алесь Пушкін: ён акурат жыве ў гэтым пасёлку.