Міліцыянту, які п'яным збіў падлеткаў у Глуску, выставілі абвінавачванне
Фота з месца здарэння
Следчы камітэт выставіў абвінавачанне міліцыянту, які п'яным сеў за руль і збіў двух падлеткаў на тратуары ў Глуску. Пра гэта піша партал tut.by са словаў афіцыйнай прадстаўніцы СК Юліі Ганчаровай.
Ганчарова паведаміла, што пасля ДТЗ кіроўца прайшоў медагляд, які выявіў у яго крыві 1,5 праміле алкаголю. Падазраванаму выставілі абвінавачанне ў парушэнні ПДР асобай, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Афіцыйна МУС дагэтуль ніяк не адрэагавала на інфармацыю, што абвінавачаны на момант злачынства быў супрацоўнікам органаў унутраных спраў.
Як распавядала Еўрарадыё, у ноч на 4 лютага 22-гадовы міліцыянт на "Аўдзі" ў нецвярозым стане не справіўся з кіраваннем — выехаў на паласу сустрэчнага руху, а потым на тратуар. Пра гэтым ён збіў двух 17-гадовых падлеткаў. Хлопцаў шпіталізавалі з траўмамі рознай ступені цяжкасці.