П'яны кіроўца ў Талачыне збіў нецвярозага пешахода
Фота: newsbel.by
Два нецвярозыя чалавекі ўтварылі ДТЗ на нерэгуляваным пешаходным пераходзе ў Талачыне. Падрабязнасці здарэння агенцтву БЕЛТА распавёў начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц.
Аварыя адбылася 7 лютага каля 14.50. 62-гадовы пенсіянер пераходзіў вуліцу па пераходзе і трапіў пад машыну. Мужчына быў нецвярозы. Пры аварыі ён атрымаў адкрыты пералом нагі і быў шпіталізаваны ў лякарню Оршы.
50-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля на момант аварыі таксама быў нецвярозы: у яго крыві выяўлена 0,7 праміле алкаголю.
Само аўто належыць аднаму з прадпрыемстваў Талачына. Кіроўца займаўся яго рамонтам і ў нейкі момант вырашыў з'ездзіць дадому па адсутны інструмент. На тое, што ён ужо быў нападпітку, мужчына вырашыў не зважаць.
Па факце ДТЗ праводзіцца разбіральніцтва.