Міліцыя затрымала хлопца, які нападаў на жанчын у сталічнай Серабранцы
Фота: guvd.gov.by
Мінская міліцыя 3 лютага каля другой гадзіны ночы аператыўнымі затрымалі 26-гадовага хлопца, якога падазраюць у нападах з нажом на жанчын, інфармуе прэс-служба Мінгарвыканкама.
Раней сталічная міліцыя паведамляла пра вышук мужчыны, які нападаў на жанчын у мікрараёне Серабранка. Пагражаючы нажом, ён спрабаваў згвалтаваць ахвяру, а таксама забраць яе маёмасць. Сёлета ў студзені ў лесапарку на вуліцы Якубава была згвалтаваная 18-гадовая мінчанка. Нападам на яшчэ дзвюх жанчын перашкодзілі мінакі, якія сталі відавочцамі здарэнняў.
Уначы 3 лютага міліцыянты заўважылі на вуліцы Малініна хлопца, падобнага па прыкметах са зламыснікам, абвешчаным у вышук. Падчас асабістага догляду ў маладога чалавека знайшлі кухонны нож.
Хлопца даставілі ў Ленінскае РУУС Мінска, каб выявіць яго датычнасць да ўчыненых злачынстваў. У раённым упраўленні малады чалавек прызнаўся ў злачынстве і раскаяўся ў зробленым. Ён заявіў міліцыянтам, што на злачынствы ішоў дзеля сэксуальнага задавальнення і матэрыяльнага ўзбагачэння. Каб яго было цяжэй знайсці, нападнік пераапранаўся ў розную вопратку, а татуіроўкі, бачныя на целе, хаваў пад вопраткай.
Затрыманаму 26 гадоў. Яго раней прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад войска. Хлопец нідзе афіцыйна не працуе, часам падпрацоўваў на аўтамыйцы.
На яго пачалі крымінальныя справы за згвалтаванне і асабліва злоснае хуліганства. Падазраванаму можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Тых, хто пацярпеў ад дзеянняў маладога чалавека на фотаздымках, просяць звярнуцца ў Ленінскае РУУС Мінска па адрасе: 2-і Веласіпедны завулак, 9 або па тэлефонах 8 (017) 367-62-02, 8 (017) 368-12-03 або па тэлефоне 102. Таксама можна звярнуцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску па тэлефонах: 8 (033) 333 67 17, 8 (033) 389 54 10 або ў аператыўна-дзяжурную службу 8 (017) 389 55 55.