На будоўлі ў Мінску знайшлі стокілаграмовую авіябомбу
02.02.2018 20:54
—
Разное
Фота: БЕЛТА
Стокілаграмовую бомбу знайшлі 2 лютага на будоўлі ў Мінску. Падрабязнасці здарэння агенцтву БЕЛТА распавёў прадстаўнік прэс-службы ўнутраных войск Павел Зеляневіч.
У 14.55 у дзяжурную частку вайсковай часці 5448 звярнуліся прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яны распавялі, што на будаўнічай пляцоўцы па вуліцы Вербнай у Мінску знойдзены прадмет, падобны да снарада. Падчас працы экскаватар зламаў каўшом хваставую частку боепрыпаса. На шчасце, выбуху не адбылося. Будаўнікоў тэрмінова эвакуявалі з пляцоўкі.
Сапёрна-піратэхнічная група вайсковай часці 5448 вызначыла, што экскаватар выкапаў савецкую авіябомбу ФАБ-100 вагой у 100 кг. Небяспечную знаходку вывезлі на палігон і знішчылі.