Каля Валожына легкавік трапіў пад фуру, загінулі двое дзяцей і жанчына-кіроўца
Фота: УДАІ УУС Мінаблвыканкама.
У Валожынскім раёне легкавік трапіў пад фуру, загінулі двое дзяцей і жанчына-кіроўца. Трагічнае здарэнне адбылося каля 17-й гадзіны ў нядзелю, 28 студзеня. На 62-м кіламетры аўтадарогі Мінск — Ашмяны — мяжа Літвы аўтамабіль “Опель-Зафіра”, які рухаўся ў бок сталіцы, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе і адбылося сутыкненне.
Прэс-служба Следчага камітэта паведамляе, што 35-гадовая вадзіцель легкавіка, жыхарка Мінска, не саўладала з кіраваннем. Машына апынулася на сустрэчнай паласе, а вярнуцца на сваю паласу руху не ўдалося — яе занесла. Загінула кіроўца і двое дзяцей — хлопчык 2005 года нараджэння і дзяўчынка 2007 года нараджэння. Яшчэ дзве дзяўчынкі (2012 і 2014 гадоў нараджэння) атрымалі траўмы і былі шпіталізаваны, знаходзяцца ў рэанімацыі.
БЕЛТА дадае, што двое дзяцей, якія пацярпелі, былі ў дзіцячых утрымліваючых прыстасаваннях. Жанчына мела 3-гадовы стаж кіроўцы.
Крымінальную справу распачалі па факце парушэння правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб (ч. 3 арт. 317 КК). Прызначаны экспертызы.