Для абвінавачанага ў справе аб гібелі роўпджампера патрабуюць 3 гады калоніі

Фота: TUT.by
Для абвінавачанага ў справе аб гібелі роўпджампера запатрабавалі 3 гады калоніі. 20 студзеня ў судзе Заводскага раёна сталіцы, дзе разглядаецца гэтая справа, такую меру пакарання папрасіў пракурор. Гэта максімальна магчымы тэрмін паводле ч.1 арт 144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці), паведамляе TUT.by
Абвінавачаны — прадпрымальнік Аляксей Нікітчанка. Летам мінулага года ён арганізоўваў у Соснах скачкі з трубы вышынёй у 70 метраў. 18 чэрвеня ў Мінск прыехаў жыхар Салігорска Яўген Лапановіч, каб скокнуць па сваім падарункавым сертыфікаце. У выніку ён разбіўся на вачах у дзясяткаў людзей. Паводле версіі следства, арганізатар скачка не зафіксаваў вяроўку, не сачыў за бяспекай па інструкцыі і не выкарыстоўваў дадатковыя спосабы падстрахоўкі.
Апроч трохгадовага зняволення, для Нікітчанкі патрабуюць выплаціць кампенсацыю ў 100 тысяч рублёў для бацькі загінулага.