Мікрааўтобус урэзаўся ў фуру ў Талачынскім раёне
Фота: ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама
25-гадовая дзяўчына атрымала траўмы пры ДТЗ у Талачынскім раёне, якое адбылося ў пятніцу каля 8-й гадзіны раніцы. Падрабязнасці інцыдэнта агенцтву БЕЛТА распавяла інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Ірына Стральцова.
У вялікагрузнага "Мерседэса", які рухаўся па аўтадарозе М1 Брэст — Мінск — мяжа Расіі ў бок Мінска, лопнула кола. Кіроўца быў вымушаны тэрмінова спыніцца на ўзбочыне. У гэты момант у фуру ўрэзаўся мікрааўтобус "Мэрсэдэс". Кіроўца "бусіка" размаўляў па мабільніку і не змог своечасова зрэагаваць на змены на дарозе.
Пры аўтааварыі пацярпелі трое пасажыраў мікрааўтобуса. 25-гадовая дзяўчына атрымала цяжкія траўмы. Яе даставілі ў рэанімацыю Талачынскай раённай лякарні. У гэтую ж лякарню трапілі два маладыя мужчыны з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Кіроўцы пры ДТЗ не пацярпелі.
Паведамляецца, што кіроўцам мікрааўтобуса быў 30-гадовы жыхар Барысава. У яго транспарце ехалі выпадковыя спадарожнікі, якіх ён знайшоў праз інтэрнэт.