На Гаваях насельніцтва памылкова спавясцілі пра ракетны ўдар

Ганалулу, сталіца штата Гаваі. Фота з адкрытых крыніцаў
Жыхары Гавайскіх астравоў атрымалі памылковае паведамленне пра набліжэнне балістычнай ракеты. Раніцай 13 студзеня яны атрымалі на свае мабільныя тэлефоны СМС, у якім было сказана пра пагрозу ракетнага ўдару і пазначана, што гэта не вучэбная трывога.
Як інфармуе ВВС, улады гэтага амерыканскага штату праз 38 хвілінаў разаслалі абвяржэнне. Увесь гэты час людзі былі ў паніцы, многія шукалі сховішча. Губернатар штата Дэвід Айдж прынёс прабачэнні грамадзянам і патлумачыў, што ў інцыдэнце вінаваты нейкі супрацоўнік, які націснуў не на тую кнопку.
Сістэма папярэджання пра ракетныя ўдары была ўведзеная на Гаваях, бо гэты штат знаходзіцца ў межах дасягальнасці ракет Паўночнай Карэі. У снежні тут упершыню з часоў халоднай вайны праверылі працу сістэмы спавяшчэння пра ядзерны напад.