Мужчына, які разбіўся на дэльтаплане, збіраўся купіць яго
Фота: sk.gov.by
Ва Ушацкім раёне на месцы крушэння мотадэльтаплана працуе следчая група ў складзе следчых разам з экспертам-крыміналістам і судова-медыцынскім экспертам. Пра гэта інфармуе прэс-служба Следчага камітэта.
Як паведамляла Еўрарадыё, трагедыя адбылася каля 17-й гадзіны 11 студзеня. Мясцовым ратавальнікам затэлефанаваў жыхар вёскі Лутава і паведаміў пра падзенне на поле лятальнага апарата. Пры падзенні загінуў пілот матадэльтаплана.
Следчыя выявілі, што заігнуў 36-гадовы жыхар Полацка, які працуе індывідуальным прадпрымальнікам. Мужчына хацеў купіць двухмесны мотадэльтаплан, які належыць 26-гадоваму палачаніну.
Прадпрымальнік прыехаў на нядзейную паветрана-пасадачную паласу каля вёскі Кублішчына Ушацкага раёна. Каб праверыць тэхнічныя характарыстыкі апарата, мужчына рухаўся па ўзлётнай паласе і ўзляцеў на вышыню каля 50 метраў. Ён праляцеў каля 1 км і зваліўся на поле паміж вёскамі Лутава і Кублішчына.
Праверка працягваецца.