МЗС пацвердзіў гібель беларускага дальнабойшчыка ў ДТЗ у Германіі
Фота: news38.de
Міністэрства замежных спраў Беларусі пацвердзіла, што ў ДТЗ у Германіі загінуў беларускі дальнабойшчык. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык.
"Загінулы сапраўды з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Амбасада знаходзіцца ў пастаянным кантакце з праваахоўнымі органамі Германіі і працадаўцамі загінулага", — пракаментаваў дыпламат.
Як распавядала Еўрарадыё, здарэнне адбылося зранку 8 студзеня на федэральным аўтабане А2 каля Хемелервальда. Фура DAF трапіла ў затор і спынілася, у гэты момант у яе стукнулася Skania, якая ехала следам. Ад удару аўтамабіль адкінула наперад на яшчэ адзін грузавік. Беларус, як паведамлялася, быў за рулём Skania. У выніку ДТЗ рух на аўтабане быў перакрыты на чатыры гадзіны.
Па словах прадстаўніка МЗС Беларусі, сваякам загінулага паведамілі пра здарэнне. Беларускія дыпламаты абяцаюць максімальную дапамогу з дастаўкай цела на радзіму.