У Кастрычніцкім пешаход без флікера ўдарыў міліцыянта ў твар
Фота: pixabay.com
Мужчына без флікера зладзіў бойку з міліцыянтам у пасёлку Кастрычніцкім на Гомельшчыне. Здарэнне адбылося 22 снежня каля шостай гадзіны раніцы.
54-гадовы мужчына ішоў па праезнай частцы вуліцы Кірава без святлоадбіўных элементаў. Інспектар ДАІ заўважыў, што мужчына ідзе па вуліцы ў цёмны час сутак без флікера.
Пры разглядзе па факце парушэння пешаход некалькі разоў стукнуў міліцыянта ў твар, піша "Гомельская праўда". Праваахоўнік атрымаў цялесныя пашкоджанні, кажа старэйшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС аблвыканкама Дар'я Смаляк.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, у 2003 годзе гэтага мужчыну ўжо асудзілі па гэтым жа артыкуле.