Жанчына апяклася вадкім азотам падчас карпаратыва ў салігорскай кавярні
Ілюстрацыя: www.supernauka.by
Увечары 23 снежня ў адным з салігорскіх кафэ пасля нумара шоў-праграмы, у якім выкарыстоўваўся вадкі азот, наведвальніцы стала дрэнна. Жанчыну ў цяжкім стане, з прыкметамі тэрмічнага апёку неадкладна даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне лякарні.
Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці распачало крымінальную справу па факце неналежнага аказання паслуг па арганізацыі святочнага мерапрыемства. Следчыя агледзелі месца здарэння, канфіскавалі некаторыя прадметы і накіравалі іх для правядзення экспертных даследаванняў. У тым ліку зараз трэба дакладна высветліць склад рэчыва, якое выкарыстоўвалася падчас шоў-праграмы.
Праводзяцца допыты сведак, работнікаў, службовых асобаў установы. Следствам канфіскаваная ўся неабходная дакументацыя, якая рэгламентуе тэхніку бяспекі.