У Жыткавіцкім раёне пабудуюць часовы металічны мост праз Прыпяць
Фота: svaboda,org
У Жыткавіцкім раёне пабудуюць часовы металічны мост праз Прыпяць. Два тыдні таму ў амаль 900-метровым мосце, пабудаваным на трасе Жыткавічы — Давід-Гарадок — мяжа Украіны 32 гады таму, выявілі расколіну, рух быў перакрыты. Высветлілася, што мост "прасеў". Яго рэканструкцыя запланаваная на 2018 год. Пакуль жа распрацоўваецца адпаведная дакументацыя. У Саўмін накіравалі дакументы па ўключэнню гэтага аб'екта ў Дзяржпраграму па развіццю і ўтрыманню аўтадарог.
Каля моста вайскоўцы пабудавалі пантонную пераправу. Але яна не вытрымае крыгаходу, таму і паўстала неабходнасць пабудовы металічнага моста. Па словах гендырэктара "Гомельаўтадора" Ігара Мацвяцова, "як мінімум да канца бягучага года ніякіх форс-мажорных анамалій надвор'я не прадбачыцца", інфармуе БЕЛТА.
Мяркуецца, што металічны мост пабудуюць да пачатку паводкі. Ужо вызначана месца, дзе ён будзе, а таксама тып яго канструкцыі. Мост мусіць быць развадным, каб можна было прапускаць тыя ж цеплаходы, якія ходзяць па Прыпяці.