Пешаходам забаранілі хадзіць праз аварыйны мост у Жыткавіцкім раёне

Фота: 112.by
Пешаходам забаранілі хадзіць праз аварыйны мост у Жыткавіцкім раёне. Людзей праз Прыпяць часова будуць перапраўляць ратавальнікі на катэрах. Пра гэта стала вядома раніцай 8 снежня па выніках пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях. Выкарыстанне моста цалкам забаронена, інфармуе прэс-служба МНС. Яшчэ ўчора дапускалася, што праз яго змогуць хадзіць пешаходы і ездзіць раварысты ды матацыклісты, а таксама спецтранспарт. Аднак сёння была ўлічаная сітуацыя і тэхнічныя ацэнкі спецыялістаў, ранейшае рашэнне “скарэктавалі”.
Як паведамляла Еўрарадыё, у чацвер раніцай ратавальнікам патэлефанаваў відавочца, які распавёў пра расколіну ў мосце праз Прыпяць на трасе Жыткавічы — Давід-Гарадок — мяжа Украіны. Супрацоўнікі ДАІ тэрмінова спынілі там рух. На месца выехалі спецыялісты з Мінска, якія будуць вывучаць мост, каб зрабіць выснову: падлягае ён аднаўленню ці трэба будаваць новы.
Паколькі амаль 900-метровы мост важны, можна сказаць стратэгічны, узнікла праблема з перапраўкай праз раку людзей і транспарту. Без перапынку працуе паромная пераправа каля вёскі Снядзін Петрыкаўскага раёна. Там перапраўляюцца легкавікі. Каля аварыйнага моста плануецца пабудаваць пантонны мост. Чакаецца прыезд спецыялістаў з Мінабароны. Фуры цяпер едуць у абход дадзенага раёна.