Беларус Сцяпан Свідзерскі распавёў, чаму страляў у офісе Reuters у Гдыні
Фота: belsat.eu
Беларус Сцяпан Свідзерскі нарэшце распавёў, чаму страляў у офісе Thomson Reuters у Гдыні. Здарэнне адбылося 14 лістапада. Пасля стральбы, у выніку якой ніхто не пацярпеў, грамадзяніна Беларусі затрымалі, яму выставілі абвінавачанне ў замаху на забойства. Аднак суд вызваліў Свідзерскага з-пад арышту.
Спачатку беларус не распавядаў, што ж адбылося. І вось нарэшце ён выступіў з заявай. Паводле яго слоў, ён некалькі гадоў займаецца спартыўнай стральбой і з вясны 2017-га мае афіцыйны дазвол на зброю. Яе ён браў на працу, але ў футлярах ці ў кабуры, пры гэтым ніколі не даставаў. У той вечар беларус збіраўся выйсці з офіса, дзе працаваў, у краму і меў зброю пры сабе ў футляры. Але ў той момант, калі апранаўся, футляр схапіла “іншая асоба”. І той чалавек стаў сыходзіць, на заўвагі Сцяпана Свідзерскага не рэагаваў. “Я быў вымушаны прадпрыняць крокі, каб вярнуць кантроль над зброяй”, — цытуе словы Свідзерскага Радыё Свабода.
З тлумачэння беларуса вынікае, што ён пабег за чалавекам, які зносіў яго футляр са стрэльбай. Верагодна пры гэтым ён дастаў з кабуры ці іншага футляра пісталет. Людзі, якія не бачылі, з чаго пачаўся інцыдэнт, палічылі, што Свідзерскі на кагосьці нападае і выклікалі паліцыю. Ён сцвярджае, што сам спрабаваў выклікаць паліцыю, але яму перашкодзілі. Яму давялося зрабіць “папераджальныя стрэлы”, але “ў такое месца і такім чынам, каб нікога не параніць, нават выпадкова”. Беларус падкрэслівае, што страляць яго прымусіла сітуацыя. Ён заяўляе пра сваю невінаватасць.
“Мае паводзіны, мае крокі былі зроблены з мэтай абароны зброі, якую паводле законаў я павінен мець пры сабе. Я на нікога не нападаў, не пагражаў, ад самага пачатку здарэння і да канца я прасіў выклікаць паліцыю, каб скончыць гэтае здарэнне”, — заявіў Свідзерскі.