20 хвілінаў ратавальнікі даставалі з аўто ахвяру галалёду ў Гродне
Фота: newgrodno.by
Сур'ёзная аўтааварыя адбылася ў Гродне на першым галалёдзе зранку 22 лістапада, піша newgrodno.by.
Па словах відавочцаў, хлопец з жонкай ехалі на BMW 5 па вуліцы Курчатава ў бок вуліцы Горкага. На слізкай дарозе кіроўца не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў слуп. У машыне спрацавалі падушкі бяспекі. Відавочцы кажуць, што аўто было на зімовых шынах.
На месца ДТЗ прыехалі тры машыны ратавальнікаў, тры аўтамабілі ДАІ і два — хуткай дапамогі.
Дзяўчына ў аварыі не пацярпела. А вось яе муж апынуўся заблакаваны ў аўтамабілі. Супрацоўнікі МНС больш за 20 хвілін даставалі яго з дапамогай спецыяльнага інструменту.
Калі хлопца вызвалілі, ён быў у прытомнасці. Медыкі адразу адправілі яго ў лякарню. Жонка паехала з ім.
Паведамляецца, што маладому чалавеку 26 гадоў. Ён ужо 10 гадоў працуе кіроўцам. У выніку ДТЗ малады чалавек атрымаў траўмы галавы і пазваночніка.