Банк у Магілёве спрабаваў абрабаваць грамадзянін Расіі
Фота: БЕЛТА
28-гадовы магілёвец, які сёння напаў на аддзяленне банка, з'яўляецца грамадзянінам Расіі. Пра гэта паінфармаваў тэлеканал "Беларусь 1".
Паведамляецца, што мужчына — ураджэнец Магадана. Від на жыхарства ў Беларусі ён атрымаў толькі сёлета ў верасні. Дома ў затрыманага адбываецца ператрус.
Здарэнне адбылося ўдзень 20 лістапада на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве. Мужчына, узброены пісталетам, спраабаваў абрабаваць банк. Потым ён узяў у банку ў закладнікі пяць чалавек і запатрабаваў аўтамабіль. На гэтым аўто з закладнікам, якім быў першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў, ён паехаў за года, але быў спынены байцамі АМАПу.
Пры затрыманні мужчына пачаў страляць па міліцыянтах, тыя адкрылі агонь у адказ. Зламысніка паранілі ў нагу і затрымалі. Іншых пацярпелых падчас спецаперацыі не было.
Цяпер затрыманы знаходзіцца ў лякарні. У яго забралі больш за 7 тысяч рублёў, 150 долараў і жорсткі дыск. Мяркуецца, што ўсё гэта ён вынес з банка. На нападніка пачалі крымінальную справу за захоп закладнікаў.