Пад Оршай Ford Transit збіў 77-гадовую пенсіянерку, якая ішла па збочыне
Фота: УУС Віцебскага аблвыканкама.
29 кастрычніка каля 18:30 за два кіламетры ад Оршы (каля вёскі Пішчалава на трасе Орша — Межава) 59-гадовы кіроўца аўтамабіля Ford Transit пры раз'ездзе з сустрэчным аўтамабілем не паспеў заўважыць чалавека на збочыне. Той рухаўся ў спадарожным кірунку па краі дарогі і трапіў пад колы мінівэна.
Было ўжо цёмна, ішоў дождж. Жанчына, што якую збіў "Форд", атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём, і памерла на месцы дарожна-транспартнага здарэння.
ДАІ шукае сведак аварыі. Вядома, што кіроўца Ford Transit быў цвярозы.
"Асобу ахвяры ДТЗ ўжо ўстаноўлена — гэта 77-гадовая жыхарка Оршы. Пенсіянерка вярталася ў горад з лецішча, якая знаходзіцца непадалёк. Яна не была пазначаная флікерамі, дарога на тым участку вузкая, — распавядае пра падрабязнасці аварыі афіцыйная прадстаўніца Аршанскага РАУС Вольга Ракава. —Нягледзячы на шматразовыя папярэджанні праз СМІ пра неабходнасць абазначэння пешаходаў флікерамі, а таксама пра гранічную ўважлівасць усіх удзельнікаў руху, асабліва ў вечаровы час, на жаль, дарогі працягваюць забіраць жыцці людзей".
З пачатку года ў Оршы і Аршанскім раёне адбылося амаль 30 ДТЗ. У іх загінулі 7 і траўмаваныя 24 чалавекі. У тым ліку ў выніку наездаў загінулі 3 і атрымалі траўмы 9 пешаходаў.