У Барысаве на Дзень маці 5 жанчын выпілі вадкасць для чысткі чанаў ад рыбы
Фота: pixabay.com
Трагічнае здарэнне адбылося на Дзень маці ў барысаўскім прадпрыемстве "Фаўна", якое займаецца вытворчасцю прадуктаў з рыбы.
Раніцай 14 кастрычніка жанчыны-рознарабочыя прыйшлі на змену. Да іх завітала прыбіральшчыца, якая паведаміла, што ў курылцы на другім паверсе знайшла чыюсьці заначку — бутэльку бальзама "Чорны знахар". Жанчына прапанавала іншым адзначыць Дзень маці, піша nn.by.
У кампаніі з шасці жанчын адна піць адмовілася. Трое выпілі свае чаркі адразу. Імгенна стала ім круціць жываты, жанчыны ванітавалі, ім пякло ў роце і горле. Пацярпелыя паваліліся на падлогу. Двое жанчын выпілі на пару секундаў пазней. Калі яны пабачылі, што адбываецца з іх калегамі, то сталі засоўваць пальцы ў рот, каб званітаваць.
Жанчына, якая не піла, выклікала хуткую. Пацярпелых работніц шпіталізавалі. Трое тых, якія выпілі першымі, знаходзяцца ў Мінску, у аддзяленні таксікалогіі. Паведамляецца, што ў іх апаленыя страўнікі, глоткі, моцна апечаныя страваводы. Яшчэ дзве жанчыны — у лякарні ў Барысаве, у ЛОР-аддзяленні. У іх апаленыя глоткі, бо вадкасць не паспела дайсці да страўнікаў. Усе жанчыны рознага ўзросту — ад 23 да 46 гадоў.
Сын адной з пацярпелых расказаў журналістам: "Мне сказалі дактары так: тым, хто ў Мінску, трэба пратрымацца два тыдні. Тым, хто ў Барысаве, — тыдзень. Калі за гэты час не памруць, то выкараскаюцца".
На прадпрыемства наведаліся міліцыянты, яны забралі бутэльку на экспертызу. Мяркуецца, што ў бутэльцы магла быць вадкасць для чысткі чанаў ад рыбы — па колеры і кансістэнцыі яна падобная да алкагольнага бальзама. "А яна вельмі-вельмі моцная, з ёй працуюць у пальчатках, бо скуру нават можа спаліць. То бок, хутчэй за ўсё, хтосьці вырашыў вынесці трохі гэтай вадкасці сабе дадому, наліў у бутэльку з-пад "Чорнага знахара" і схаваў. А прыбіральшчыца знайшла", — мяркуе сын пацярпелай.