На пажары ў санаторыі ў Любанскім раёне эвакуявалі 150 чалавек
16.10.2017 09:14
—
Разное

Фота: pixabay.com
15 кастрычніка а шостай гадзіне раніцы ратавальнікі Любанскага раёна Міншчыны атрымалі паведамленне пра пажар у санаторыі ў вёсцы Трубяціна. Агонь узнік у парыльным памяшканні на першым паверсе двухпавярховага будынка лекавага корпуса санаторыя, паведамляе прэс-служба МНС.
Да прыбыцця ратавальнікаў персанал санаторыя эвакуяваў з будынка 150 чалавек. На пажары апёкі першай-другой ступеняў (12% цела) атрымала медсястра, якую шпіталізавалі.
Агонь пашкодзіў драўлянае аздабленне парыльнага памяшкання, маёмасць у душавой і распранальні, таксама ад яго закураныя сцены.
Прычына пажару высвятляецца.