ІП, які цудам выратаваўся з-пад падаючай пліты, не будзе прад’яўляць прэтэнзій
Фота: скрыншот з відэа.
Індывідуальны прадпрымальнік Аляксей Скерсь, які ў Віцебску цудам выратаваўся з-пад падаючай пліты, не будзе прад’яўляць нікому прэтэнзій. Пра гэта ён распавёў у каментары газеце “СБ. Беларусь сегодня”.
Як інфармавала Еўрарадыё, здарэнне адбылося яшчэ 18 верасня каля аднаго з буйных гандлёвых цэнтраў. На запісы з камеры відэаназірання відаць, як малады чалавек паспеў заўважыць небяспеку і хутка пабег наперад, а ззаду ўпала пліта.
Прадпрымальнік кажа, што ў гандлёвым цэнтры ён мае сваю "кропку". Аляксей выйшаў з памяшкання і прайшоў некалькі метраў, калі адбылося здарэнне. “Надвор’е ў той дзень было вельмі ветранае, а мне вельмі пашанцавала. Усе кажуць, нарадзіўся ў кашулі”, — распавёў хлопец, які нядаўна святкаваў свой 26-ы дзень нараджэння.
БЕЛТА дадае, што насамрэч упала не бетонная пліта, а пласт тынкоўкі. З фасаду будынка яго сарвала моцным ветрам.