Памерлы пасля аперацыі гродзенец "уваскрос" перад адпраўкай у трупярню
Фота: newgrodno.by
З фантасмагарычнай сітуацыяй сутыкнулася гродзенская сям'я: у лякарні ім паведамілі, што іх дзядуля памёр, а потым "уваскрос".
25 верасня 2017 года Сяргею Дзмітрыевічу рабілі планавую аперацыю, распавядае сайт newgrodno.by. Пасля яе мужчыну паклалі ў рэанімацыю анкалагічнага аддзялення №5. Хірург распавёў родным, што аперацыя прайшла з ускладненнем: падчас маніпуляцый адбылося прыпыненне сэрца, але яго змаглі запусціць зноў.
Пазней у гэты ж дзень сваякам нечакана затэлефанавалі і паведамілі, што мужчына памёр.
На наступны дзень жонка Сяргей Дзмітрыевіча разам з унучкай паехалі ў бюро рытуальных паслуг. І там ім затэлефанавалі з лякарні, паведаміўшы, што "памерлы" ажыў.
У лякарні сваякам распавялі, што на мужчыну ўжо вісела бірка для адпраўкі ў трупярню, але ён "уваскрос". Пасля аперацыі, калі муэжчыну прыналі мёртвым, усе апараты для падтрымання жыцця хворага лекары адключылі, абязбольванне не праводзілася.
26 верасня лекары паведамілі сваякам, што Сяргей ДЗмітрыевіч у прытомнасці, на пытанні ён адказвае, матляючы галавой. Аднак да самога пацыента нікога з блізкіх не пусцілі: ён знаходзіўся ў рэанімацыі.
А зранку 27 верасня жонцы зноў затэлефанавалі з лякарні са словамі: "Сяргей Дзмітрыевіч памёр. І ўжо дакладна памёр у 7 гадзін 00 хвілін 27 верасня 2017 года".
Сваякі Сяргея Дзмітрыевіча напісалі афіцыйны ліст галоўнаму лекару лякарні. Ён прынёс асабістыя прабачэнні за недакладнае інфармаванне.
У лякарні праходзіць службовае расследаванне гэтага выпадку, дадае "Гродзенская праўда".
Між тым, сваякі падазраюць, што іх дзядуля мог суткі пасля аперацыі праляжаць у трупярні і "ажыць" падчас ускрыцця.